Мінск 17:45

Чартарны рэйс “Белавія” 30 чэрвеня накіруецца ў Катар, які адкрыў неба для грамадзянскай авіяцыі

Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал "Белавія"

24 чэрвеня, Позірк. Нацыянальная авіякампанія “Белавія” аднаўляе рэйсы ў Катар, які зняў абмежаванні на палёты грамадзянскай авіяцыі, што ўводзіліся праз абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе.

“Авіязносіны адноўленыя, аэрапорт Дохі прымае і адпраўляе паветраныя судны, — паведаміў авіяперавозчык. — “Белавія” выконвае ў Катар чартарныя рэйсы, найбліжэйшы запланаваны на панядзелак, 30 чэрвеня”.

Падкрэсліваецца, што самалёты “Белавія” лётаюць у Доху і назад “у абыход небяспечных тэрыторый”.

Увечары 23 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Беларусі рэкамендавала суайчыннікам, якія знаходзяцца ў Катары, не пакідаць месца свайго знаходжання і выконваць указанні ўладаў.

Тады ж кампанія “Белавія” заявіла, што Катар, Кувейт, Бахрэйн і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты абвясцілі пра закрыццё паветранай прасторы праз канфлікт у рэгіёне, аднак “сітуацыя пачала стабілізавацца” і ААЭ знялі абмежаванні. На гэтым фоне авіяперавозчык пацвердзіў рэйс у Дубай на раніцу 24 чэрвеня.

Паветраная прастора пералічаных краін была закрытая перад атакай Ірана на амерыканскія вайсковыя базы ў адказ на бамбаванне аб’ектаў ядзернай інфраструктуры арміяй ЗША, якія разам з Ізраілем спрабуюць прадухіліць з’яўленне ў Тэгерана ядзернай зброі.

Пасля закрыцця паветранай прасторы Ірана “Белавія” лятае ў Дубай акружным шляхам з дазапраўкай у Самары. Такі ж маршрут у эмірацкай кампаніі Flydubai.

Падзяліцца: