Мінск 20:09

За суткі ў Беларусі патанулі чатыры чалавекі

23 чэрвеня, Позірк. Чатыры чалавекі патанулі ў Беларусі 22 чэрвеня, паведамляе Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Падрабязнасці не прыводзяцца.

Пры гэтым у сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамляецца толькі аб адным выпадку ўтаплення. Ён зафіксаваны ў аграгарадку Палушы Астравецкага раёна (Гродзенская вобласць). Адзначаецца, што ў штучным вадаёме на тэрыторыі прыватнага домаўладання знойдзена цела мужчыны 1975 года нараджэння.

З пачатку 2025 года ў Беларусі ад утаплення загінула 108 чалавек (з іх пяць дзяцей), за аналагічны перыяд 2024-га — 109 (5), паведаміў на прэс-канферэнцыя ў Мінску 19 чэрвеня начальнік аддзела цэнтра вадалазна-выратавальнай службы рэспубліканскага атрада спецпрызначэння “ЗУБР” МНС Андрэй Войцік.

Гаворачы аб прычынах гібелі на вадзе, прадстаўнік МНС паведаміў, што падчас падлёднай рыбалкі патанула 15 чалавек, рыбнай лоўлі з лодкі — чатыры, рыбнай лоўлі з берага — 11, ад падзення ў ваду — 37 (з іх двое дзяцей), падзення ў ваду з лёду — восем, падчас прыняцця ванны — столькі ж (у тым ліку трое дзяцей).

Аварыйныя выпадкі з удзелам маламерных судоў прывялі да гібелі двух чалавек. У 20 выпадках прычыны гібелі высвятляюцца.

10 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік МНС Яўген Бараноўскі паведамляў, што з пачатку траўня 2025 года ў Беларусі патануў 31 чалавек. За аналагічны перыяд мінулага года пры купанні патанула 16 чалавек. Такую вялікую розніцу прадстаўнік ведамства звязвае ў першую чаргу з умовамі надвор’я, якія “не дазволілі паўнавартасна адкрыць новы купальны сезон”.

Падзяліцца: