Мінск 07:40

Латвія не прапусціла ў Беларусь восем матацыклаў — прадметаў раскошы

20 чэрвеня, Позірк. Супрацоўнікі мытнага ўпраўлення Службы дзяржаўных даходаў (СДД) Латвіі спынілі на мяжы з Беларуссю экспарт васьмі матацыклаў, якія адносяцца да спісу прадметаў раскошы і падпадаюць пад санкцыі ЕС, паведаміла СДД 20 чэрвеня.

Адзначаецца, што 10 чэрвеня на мытны пункт пропуску Патэрніекі (з беларускага боку — Грыгараўшчына) “заехаў грузавік з літоўскімі (цягач) і казахскімі (прычэп) дзяржаўнымі рэгістрацыйнымі нумарамі”: “У транспартным сродку перавозіўся змешаны груз розных тавараў, у тым ліку восем матацыклаў”.

“Падчас праверкі наяўнай у распараджэнні мытнага органа інфармацыі было ўстаноўлена, што месяцам раней на тым жа мытным пункце пропуску Патэрніекі была адхілена партыя матацыклаў ад таго ж адпраўніка, якая, згодна са спадарожнымі дакументамі, прызначалася іншаму атрымальніку ва Узбекістане”, — гаворыцца ў рэлізе.

Удакладняецца, што “ў мытнага ўпраўлення СДД пасля звароту ў мытную службу краіны-атрымальніка ўзніклі абгрунтаваныя сумневы адносна сапраўднага атрымальніка тавару; магчыма, тавар будзе дастаўлены ў Беларусь або Расію”: “У сувязі з падазрэннямі ў абыходзе санкцый вываз грузу з Еўрасаюза быў забаронены”.

СДД тлумачыць, што санкцыі ЕС у дачыненні да Масквы і Мінска забараняюць “прамы або ўскосны продаж, пастаўку, перадачу або экспарт прадметаў раскошы <…>, незалежна ад таго, ці паходзяць яны з ЕС ці не, любой фізічнай або юрыдычнай асобе, арганізацыі або органу ў гэтых краінах”.

У спіс такіх прадметаў раскошы ўключаны, у прыватнасці, матацыклы коштам звыш 5 тыс. еўра, а таксама прыналежнасці і запасныя часткі да іх. У апісаным выпадку ў спадарожных дакументах, далучаных да экспартнай дэкларацыі, указана, што кошт кожнага матацыкла перавышае ліміт.

“Падчас мытнага кантролю былі выяўлены прыкметы крымінальнага злачынства, матэрыялы справы перададзены ва Упраўленне падатковай і мытнай паліцыі СДД для прыняцця рашэння пра пачатак крымінальнай справы. Крымінальная справа распачатая паводле арт. 84 Крымінальнага закона за магчымы замах на парушэння санкцый, усталяваных міжнароднай арганізацыяй і Латвійскай Рэспублікай”, — паведамілі ў СДД.

Там жа адзначылі, што дзеля прадухілення перамяшчэння тавараў, што падпадаюць пад санкцыі, праз знешнюю мяжу ЕС мытнае ўпраўленне СДД за першыя пяць месяцаў 2025 года забараніла прымяненне мытных працэдур да 956 грузаў: у 797 выпадках быў забаронены вываз тавараў, што падпадаюць пад санкцыі, з ЕС, а ў 159 — забаронены ўвоз тавараў у ЕС з РФ і Беларусі. Вываз прадметаў раскошы з ЕС ад пачатку года быў забаронены больш як 30 разоў.

Падзяліцца: