Мінск 13:33

Кіраўнік МУС Эстоніі назваў Расію і Беларусь “сапраўднай праблемай” бяспекі ЕС

Ігар Таро
Фота: siseministeerium.ee

19 чэрвеня, Позірк. Адзіным агрэсіўным суседам Еўрапейскага Звязу з’яўляецца “Расія разам з Беларуссю”. Такую заяву, паводле інфармацыі ERR, зрабіў міністр унутраных спраў Эстоніі Ігар Таро перад прызначаным на 19 чэрвеня візітам у Талін міністраў, якія адказваюць за ўнутраную бяспеку Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Швецыі і Польшчы, а таксама еўракамісара па ўнутраных справах і міграцыі і кіраўніка Frontex (агенцтва ЕС па бяспецы яго знешніх межаў).

Таро адзначыў, што лічыць Расію і Беларусь “пастаяннай пагрозай і сапраўднай праблемай бяспекі“ ЕС. “Умяшанне ва ўнутраную палітыку іншых краін, маніпуляцыі ў медыя і дэзінфармацыйныя кампаніі, выкарыстанне ўцекачоў як зброі ціску, гібрыдныя атакі, якія могуць перарасці ў акты сабатажу — усё гэта можна эфектыўна адлюстроўваць толькі сумеснымі намаганнямі“, — сказаў міністр.

“Шэсць краін ЕС маюць прамую мяжу з Расіяй ці Беларуссю. Гэта не проста іх мяжа — гэта мяжа ўсёй Еўропы. Ад таго, як хутка мы ўкаранім сучасныя тэхналогіі і падрыхтуем персанал, залежыць, наколькі надзейнай будзе гэтая лінія абароны“, — дадаў Таро.

ERR паведамляе, што асноўнымі тэмамі абмеркавання на сустрэчы ў Эстоніі стануць дэструктыўны ўплыў варожых дзяржаў праз медыяманіпуляцыі, распаўсюджванне дэзінфармацыі і ўмяшанне ва ўнутраную палітыку краін, а таксама абарона знешняй мяжы ЕС, у тым ліку ўжыванне сучасных тэхналагічных рашэнняў, напрыклад так званай “дронавай сцяны“.

У дачыненні да кіраўніцтва Беларусі, яе асобных фізічных і юрыдычных асоб дзейнічаюць санкцыі ЕС за парушэнні правоў чалавека, падтрымку расійскай вайсковай агрэсіі, штучна створаны міграцыйны крызіс на межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза.

У найбліжэйшы час санкцыйны пакет можа быць пашыраны.

Падзяліцца: