Мінск 14:29

Пяць банкаў абвясцілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

17 чэрвеня, Позірк. Пяць банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены Позіркам маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Банк БелВЭБ” скасаваў камісію за перавод грошай у рублях на бягучыя рахункі праз сістэму АРІП. Раней, калі сума пераводаў за месяц складала больш як 30 тыс. рублёў, то спаганялася камісія — 1% перавышэння.

“БНБ-Банк” з 1 жніўня змяняе працэнтную стаўку па бягучых (разліковых) рахунках для карпаратыўных кліентаў — рэзідэнтаў Беларусі. Банк будзе штомесяц налічваць і выплачваць працэнты за карыстанне грашыма па стаўцы 0,01% гадавых.

“Сбер Банк (Беларусь)” павялічыў з 25 да 30 рублёў кошт пераафармлення карткі ў рамках пакета паслуг Ultra Card, калі да канца яе тэрміну дзеяння засталося менш за 12 месяцаў.

“Тэхнабанк” запускае адмысловую акцыю для бізнесу па дагаворы эквайрынгу ў рамках пакетаў “Тэхнасінергія”, “Тэхнасінэргія+”, “Імпарцёр RUB”, “Карпаратыўны”, “Прэміум”, “Максімум”, Unlim, “Еўрапейскі”, “Тэхна&IT”. Пасля заключэння пагаднення банк дасць шасцімесячнае бясплатнае карыстанне плацежным тэрміналам.

“Цэптэр-Банк” па 20 чэрвеня бясплатна афармляе карту PLUS, якая дае манібэк у памеры 2% на ўсе пакупкі (прадукты, шопінг, кіно, паркі забаў і іншыя катэгорыі). Акрамя таго, на сярэднедзённы астатак сродкаў па карце будуць налічваць 3% гадавых. Банк сцвярджае, што карта мае міжнародны статус, таму працуе па ўсім свеце ў сетцы Visa. Тэрмін дзеяння — 5 гадоў.

На 1 красавіка 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал —10 млрд 19 млн рублёў (за год стаў больш на 9,3%), прыбытак — 859,5 млн рублёў (-1,8%).

Падзяліцца: