Мінск 23:24

У бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2025 год павялічана даходная і зменшана выдатковая часткі

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

16 чэрвеня, Позірк. Бюджэт Саюзнай дзяржавы адкарэктаваны на пасяджэнні Парламенцкага сходу (ПС) саюза Беларусі і РФ 16 чэрвеня ў Брэсце, паведамляе расійскае дзяржагенцтва ТАСС.

Даходная частка бюджэту павялічаная на 268,8 млн рублёў (тут і далей сумы прыведзеныя ў расійскай валюце) і склала 7 млрд 596,9 млн (каля 84,5 млн еўра паводле актуальнага курсу Цэнтрабанка РФ).

Выдатковая частка зменшаная на 37,6 млн рублёў — да 6 млрд 905,3 млн (каля 76,7 млн ​​еўра). Прафіцыт бюджэту павялічыўся на 306,4 млн рублёў і склаў 691,6 млн (7,7 млн ​​еўра).

Як раней паведамляў “Позірк”, бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2025 год быў прыняты на сесіі Парламенцкага сходу 12 снежня 2024 года ў Маскве.

ПС саюза Беларусі і РФ з’яўляецца “прадстаўнічым і заканадаўчым органам” Саюзнай дзяржавы. Пагадненне аб яго стварэнні было падпісанае 29 красавіка 1996 года. Узначальвае гэты орган спікер Дзяржаўнай думы РФ Вячаслаў Валодзін. Яго першым намеснікам у чэрвені 2024 года быў абраны старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергеенка. У ПС уваходзіць па 36 парламентарыяў ад кожнай краіны.

23 траўня 1997 года быў ухвалены Статут Саюзнай дзяржавы, у якім вызначаныя кампетэнцыя і парадак працы ПС.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Падзяліцца: