Мінск 23:33

На чацвёрты дзень канфлікту паміж Ізраілем і Іранам МЗС Беларусі рэкамендаваў суграмадзянам не наведваць гэтыя краіны

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

16 чэрвеня, Позірк. У сувязі з “захоўваннем напружанай абстаноўкі” ў Ізраілі і Іране Міністэрства замежных спраў Беларусі 16 чэрвеня “настойліва рэкамендавала” суграмадзянам устрымацца ад наведвання гэтых краін.

Ведамства, як адзначаецца, “працягвае пільна адсочваць сітуацыю і падтрымлівае сувязь з беларускімі грамадзянамі, што знаходзяцца на тэрыторыях гэтых дзяржаў”.

“Консульскія службы дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь у Ізраілі і Іране ажыццяўляюць прыём толькі па экстраных консульскіх пытаннях. Прыём дакументаў па іншых зваротах прыпынены”, — гаворыцца ў паведамленні. Паўторна прыводзяцца нумары тэлефонаў экстранай сувязі, прызначаных для аператыўнага ўзаемадзеяння з грамадзянамі.

МЗС нагадаў, што “ў Іране ажыццяўляецца збор інфармацыі і фармаванне спісаў грамадзян, якія звярнуліся па садзейнічанне”. Акрамя таго, “па адпаведных пытаннях падтрымліваюцца працоўныя кантакты з расійскім бокам”.

Раней міністэрства адзначала, што “ў Ізраілі ва ўмовах закрытай паветранай прасторы захоўваецца магчымасць выезду праз сухапутную мяжу з Егіптам і Іарданіяй”. Беларускім грамадзянам, якія хацелі пакінуць краіну, было рэкамендавана выязджаць з Ізраіля праз пункт пропуску, які злучае горад Эйлат з егіпецкім горадам Таба (КПП Менахем Бегін — Таба).

Паводле звестак расійскіх СМІ, амбасадар РФ у Ізраілі Анатоль Віктараў паведаміў у эфіры тэлеканала “Расія 24”, што такім маршрутам ужо скарысталася некалькі дзясяткаў расіян, і адзначыў, што “небяспека жыцця і здароўю і дыпламатаў, і расійскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Ізраілі, зусім не эфемерная”.

Беларускі МЗС у чарговы раз настойліва рэкамендаваў грамадзянам, што знаходзяцца ў Ізраілі і Іране, “прытрымлівацца ўказанняў мясцовых уладаў па безумоўным забеспячэнні асабістай бяспекі (у прыватнасці, у дачыненні да бамбасховішчаў) і падтрымліваць сувязь з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Рэспублікі Беларусь”.

“Інфармацыя пра далейшыя дзеянні будзе давацца па меры развіцця сітуацыі”, — адзначыла знешнепалітычнае ведамства.

16 чэрвеня агенцтва ТАСС са спасылкай на інфармацыю амбасады Расіі ў Іране паведаміла, што з Ірана ў Азербайджан пры садзейнічанні расійскіх дыпламатаў эвакуявана некалькі грамадзян Беларусі, Сербіі, Узбекістана і Таджыкістана.

З 13 чэрвеня Армія абароны Ізраілю атакуе розныя цэлі на тэрыторыі Ірана. У асноўным удары наносіліся па вайсковых і ядзерных аб’ектах. У выніку серыі кропкавых удараў было ліквідавана вышэйшае камандаванне Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, іранскай арміі і выведкі, забітыя дзевяць навукоўцаў-ядзершчыкаў. Іран заяўляе пра больш як 200 загінулых і прыкладна 1.300 параненых на сваёй тэрыторыі.

Мэтай ізраільскай вайсковай аперацыі названае нанясенне крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу Ірана.

Іран адказвае масіраванымі ўдарамі з выкарыстаннем балістычных ракет і беспілотных лятучых апаратаў. Некаторыя ракеты ўпалі ў жылых раёнах у Тэль-Авіве, Рамат-Гане, Рышон ле-Цыёне, Бат-Яме, Тамры, Хайфе, Пэтах-Цікве ды іншых населеных пунктах Ізраіля. На гэты момант вядома, што загінула не менш як 24 чалавекі, лік параненым ідзе на сотні.

Падзяліцца: