Мінск 19:47

Беларусь дамаўляецца пра візіты з Кувейтам, хоча больш гандляваць з Дамініканай

16 чэрвеня, Позірк. Падыходы па актывізацыі супрацы, у тым ліку “арганізацыю візітаў на розных узроўнях і сумесныя мерапрыемствы” ўзгаднілі амбасадар Беларусі Ігар Белы і міністр замежных спраў Кувейта Абдула Алі Аль-Ях’е.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, сустрэча адбылася 15 чэрвеня пасля таго, як Белы ўручыў кіраўніку кувейцкага МЗС копіі даверчых грамат.

За некалькі дзён да гэтага, 13 чэрвеня, амбасадар Віталь Барчук уручыў копіі даверчых грамат намесніку міністра замежных спраў Дамініканскай Рэспублікі Франсіска Альберта Карабальа Нуньесу. Адзначаецца, што “ўрачыстая цырымонія” адбылася “ў фармаце відэаканферэнцсувязі”.

Суразмоўцы адзначылі, што ў 2026 годзе споўніцца 25 гадоў з дня ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Дамініканай. Яны пацвердзілі гатоўнасць да “далейшага пашырэння і ўмацавання двухбаковай супрацы”.

“Падкрэслены істотны патэнцыял для нарошчвання ўзаемнага гандлю”, — сцвярджае МЗС.

Пра абедзве сустрэчы знешнепалітычнае ведамства паведаміла 16 чэрвеня.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Кувейтам усталяваныя 25 траўня 1992 года. За інтарэсы Мінска ў Эль-Кувейце адказвае амбасадар, асноўнае месца службы якога знаходзіцца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. У сваю чаргу за прадстаўленне краіны ў Беларусі адказвае амбасадар Кувейта ў Расіі.

30 верасня 2024 года першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч прыняў копіі даверчых грамат амбасадара Кувейта ў РФ і Беларусі па сумяшчальніцтве Рашэда Хамада аль-Адвані і абмеркаваў з ім “стан і перспектывы двухбаковай палітычнай, эканамічнай і інвестыцыйнай супрацы, а таксама перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў у гуманітарнай сферы”.

23 кастрычніка таго ж года Беларусь і Кувейт падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні ў сферы грамадзянскай авіяцыі.

Актуальных даных пра ўзаемны гандаль няма. Паводле інфармацыі МЗС, у 2021 годзе Беларусь экспартавала ў Кувейт на 4,4 млн долараў (тавары — на 2,9 млн, паслугі — на 1,5 млн).

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Дамініканскай Рэспублікай усталяваныя 18 красавіка 2001 года. За прадстаўленне інтарэсаў Беларусі ў Дамінікане адказвае амбасада ў Рэспубліцы Куба. Паводле інфармацыі на сайце дыпламатычнай місіі, структура беларускага экспарту ў краіну “нязначная і фармуецца за кошт трактароў, аўтамабільнай тэхнікі, запасных частак і шын”. У зваротным кірунку ідуць “моцныя спіртныя напоі, кава, садавіна, раслінныя тлушчы і алеі”.

У 2021 годзе ўзаемны тавараабарот складаў каля 8,5 млн долараў, з якіх прыкладна 7,5 млн прыпадала на беларускія пастаўкі. Актуальных даных па ўзаемным гандлі ў адкрытым доступе няма.

Сёлета ў лютым Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Дамініканы Луіса Радольфа Абінадэра Карону з Днём незалежнасці, заявіў, што ў Мінска і Санта-Дамінга “добрыя перспектывы для актывізацыі супрацы, асабліва ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, у мэтах павелічэння гандлю”.

Падзяліцца: