Мінск 03:17

Парламенцкі сход Беларусі і РФ выступіць у Брэсце з заявай аб “абароне гістарычнай праўды” і разгледзіць “бюджэтныя пытанні”

15 чэрвеня, Позірк. “Абарона гістарычнай праўды” і “бюджэтныя пытанні” будуць у цэнтры ўвагі на пасяджэнні 68-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, вынікае з паведамлення прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.

Пасяджэнне пройдзе 16 чэрвеня ў будынку Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, адзначаецца ў паведамленні.

Дэпутаты Парламенцкага сходу “разгледзяць пытанні, звязаныя з рэалізацыяй даручэнняў, дадзеных кіраўнікамі дзяржаў Беларусі і Расіі ў ходзе правядзення міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы “Вялікая спадчына — агульная будучыня” ў красавіку ў Валгаградзе”, падкрэсліваецца ў рэлізе.

Таксама ўдзельнікі пасяджэння прымуць “заяву па пытаннях абароны гістарычнай праўды, захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў”.

Акрамя гэтага, запланаваны разгляд змяненняў у праекты дэкрэтаў Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы аб бюджэце СД на 2024-ы і 2025 гады. Таксама будзе заслуханая справаздача Савета міністраў СД аб выкананні бюджэту за 2024 год.

Як раней паведамляў “Позірк”, бюджэт СД на 2024 год быў прыняты з прафіцытам. Даходы зацверджаныя ў памеры каля 77,7 млн долараў, выдаткі — каля 63,8 млн долараў.

Парламенцкі сход Саюза Беларусі і РФ з’яўляецца “прадстаўнічым і заканадаўчым органам” Саюзнай дзяржавы. Пагадненне аб яго стварэнні было падпісана 29 красавіка 1996 года. Узначальвае сход спікер Дзяржаўнай думы РФ Вячаслаў Валодзін. Яго першым намеснікам у чэрвені 2024 года быў абраны старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергеенка. У сход уваходзіць па 36 парламентарыяў ад кожнай краіны.

23 траўня 1997 года быў ухвалены Статут СД, у якім вызначаныя кампетэнцыя і парадак працы Парламенцкага сходу..

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу 26 студзеня 2000 года.

Падзяліцца: