Ціханоўская: Натхняюся стойкасцю і прафесіяналізмам беларускіх медыкаў

15 чэрвеня, Позірк. У сённяшняй Беларусі медыцынскія работнікі “сталі закладнікамі палітыкі”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 15 чэрвеня з нагоды прафесійнага свята медыкаў.
“Многіх звольнілі, хтосьці вымушана эміграваў, іншыя сутыкнуліся з пераследам. Тады як рэжым замест падтрымкі толькі пагаршае сітуацыю”, — адзначыла палітык.
“Толькі за красавік было звольнена больш за 5 тыс. медыцынскіх работнікаў. Выпускнікоў медуніверсітэтаў трымаюць у закладніках у рэгіёнах не з-за належнага заробку або жылля, а абяцаннямі “прафесійнага росту”. Беларускіх лекараў прымушаюць употай лячыць расійскіх вайскоўцаў, у нашай краіне паміраюць палітвязні, якім адмаўляюць у медычнай дапамозе. І пакуль Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што кадраў хапае, у краіне паміраюць дзеці — бо побач няма тых, хто можа аказаць дапамогу”, — сказала Ціханоўская.
Паводле яе слоў, “калі хто і дапамагае хворым”, то гэта робіць “не рэжым”, а медработнікі. “Менавіта вы, беларускія лекары, — сапраўдная апора нашай медыцыны. Вы застаяцеся людзьмі нават у невыносных умовах. Вы працуеце ў старых шпіталях і паліклініках, са зношаным абсталяваннем і катастрафічным недахопам кадраў, але працягваеце лячыць, слухаць, суцяшаць”, — падкрэсліла дэмлідар.
“Я натхняюся вашай стойкасцю і прафесіяналізмам. Вы заслугоўваеце павагі, годных заробкаў і чалавечых умоў працы. Я ведаю: прыйдзе час, калі медыкі будуць не падначаленымі, а сапраўднымі аўтарытэтамі. Дзе дзяржава будзе спрыяць вашаму росту, а не перашкаджаць. Дзе праца зноў стане захапляльная справай жыцця, а не штодзённай ахвярай. Дзе вы і ваша праца будуць шанавацца з той жа павагай, з якой вы клапоціцеся пра нашых грамадзян”, — адзначыла Ціханоўская.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні назваў медработнікаў прадстаўнікамі “адной з самых высакародных прафесій, у якую ідуць па закліку сэрца, разумеючы, што яна патрабуе беспрэцэдэнтнай самааддачы, цярпення і штодзённай карпатлівай працы”.
У Беларусі, паводле яго сцвярджэння, “выбудаваная і функцыянуе даступная і эфектыўная сістэма аказання медыцынскай дапамогі”. “Мы ганарымся тым, што захавалі і развіваем як традыцыйныя, так і новыя напрамкі ў сферы, будуем бальніцы і паліклінікі, набываем сучаснае абсталяванне, паспяхова асвойваем у кожным кутку Беларусі інавацыйныя метады дыягностыкі і лячэння для павышэння якасці жыцця людзей”, — дадаў Лукашэнка.
Сёння, падкрэсліў ён, “час ставіць перад <…> [медыкамі] глабальныя задачы: не зніжаючы тэмпаў правядзення актуальных навуковых даследаванняў, укараняць перадавыя тэхналогіі, гадаваць маладых спецыялістаў — годных прадаўжальнікаў лепшых традыцый айчыннай медыцыны”.
У ахове здароўя Беларусі “маецца дастаткова добры кадравы рэсурс, самая вялікая задача — гэта рацыянальнае іх выкарыстанне”, такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня ў Мінску начальніца галоўнага ўпраўлення кадравай працы і прафесійнай адукацыі Мінздароўя Вольга Калюпанава.
“Нельга сказаць, што мы маем праблему — дэфіцыт кадраў, асабліва ў рэгіёнах і па вузкіх спецыялістах, — сцвярджае чыноўніца. — Мы ўкаранілі такую сістэму, як спрошчаны допуск да занятку сумежных спецыяльнасцяў паводле праграм падвышэння кваліфікацыі. Асабліва гэта тычыцца такіх, на думку насельніцтва, праблемных пытанняў, як [недахоп] урачоў ультрагукавой дыягностыкі. Урач-спецыяліст можа <…> займацца УГД-даследаваннямі ў той галіне, у якой працуе, пасля падвышэння кваліфікацыі на працягу 60 гадзін. Для гэтага няма неабходнасці займання паўнавартаснай пасады ўрача ўльтрагукавой дыягностыкі ці функцыянальнай дыягностыкі”.
Паводле яе слоў, спецыялізацыю кардыёлага, эндакрынолага, неўролага ўрачы агульнай практыкі могуць атрымаць пасля праходжання курсаў падвышэння кваліфікацыі. Штогод каля 20 тыс. урачоў і 15 тыс. медработнікаў Беларусі праходзяць перападрыхтоўку і згаданыя курсы, сказала Калюпанава.
У Рэспубліканскім банку вакансій на 11 чэрвеня фігуруе 2.795 вакансій ўрача-спецыяліста, маецца 3.603 месцы.
Раней у банку пазначалася толькі колькасць вакансій урачоў-спецыялістаў, якіх на канец студзеня 2025 года было больш за 4,3 тыс., на 14 чэрвеня 2024 года — амаль 5 тыс.
Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаванняў над людзьмі. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных медыкаў, хаця сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.
У статыстычным аглядзе праваабарончага цэнтра “Вясна” за 2024 год, апублікаваным 29 снежня, гаворыцца пра 17 урачоў, якія знаходзяцца ў няволі ў Беларусі.
Дакладная колькасць медыкаў, якія пакінулі краіну або прафесію праз рэпрэсіі, невядомая.
- АнонсыАнонсы падзей на 16 чэрвеня — 24 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаРух салідарнасці "Разам" папросіць Сейм Польшчы зладзіць слуханні па рэпрэсіях у БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваПадпіска на прапагандысцкія СМІ даражэе ў 3,5–10 разоў хутчэй за нехарчовыя тавары агулам (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства