Мінск 03:09

Украінцу пагражае крымінальны тэрмін за спробу ўвозу ў Беларусь аднаго патрона

Фота: прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта

14 чэрвеня, Позірк. Пра затрыманне на беларускай мяжы грамадзяніна Украіны паведаміла 13 чэрвеня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Калі менавіта гэта адбылося, не ўдакладняецца.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына накіроўваўся на аўтамабілі “Фіят” у якасці пасажыра праз пункт пропуску Беняконі (з боку Літвы — Шальчынінкай). Пры праходжанні кантролю ён заявіў, што не мае тавараў, якія трэба дэклараваць.

“Але пры аглядзе сумкі з рэчамі мытнік знайшоў патрон з маркіроўкай на гільзе “СВС 19″. Мужчына патлумачыў, што знайшоў яго на будоўлі ў Еўропе, — гаворыцца ў паведамленні. — Паводле заключэння эксперта, патрон выраблены завадскім спосабам і з’яўляецца прамежкавым патронам (5,56×45NATO) — боепрыпасам да ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі”.

Гродзенская рэгіянальная мытня ўзбудзіла крымінальную справу “паводле прыкмет здзяйснення злачынства, прадугледжанага” ч. 1 арт. 3331 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС або дзяржмяжу Беларусі моцнадзейных, атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, яе складовых частак або кампанентаў, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прыстасаванняў, зброі масавага паражэння або сродкаў яе дастаўкі, матэрыялаў або абсталявання іншых відаў узбраення і вайсковай тэхнікі).

Санкцыя паводле гэтай частцы артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам альбо без яго.

Падзяліцца: