Мінск 15:11

МАРГ выявіў завышэнне цэн на паслугі лазняў

Крыніца: goodhome.by

13 чэрвеня, Позірк. У красавіку — чэрвені Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) правяло праверкі ў 90 лазневых комплексах, лазнях і саўнах, парушэнні заканадаўства выяўлены ў 55% аб’ектаў, паведамляе прэс-служба ведамства.

“Найбольш характэрнымі” парушэннямі былі “недавядзенне да спажыўца бытавых паслуг інфармацыі, прадугледжанай заканадаўствам”, а таксама “выпадкі рэалізацыі ў аб’ектах тавараў з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці”. “Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці”, — адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, зафіксаваныя выпадкі завышэння цэн. МАРГ прыводзіць прыклады: у лазні агульнага карыстання ў Ветцы (Гомельская вобласць) плата “за памыўку аднаго чалавека” была вышэй за ўстаноўлены ліміт — 5,50 рубля замест дапушчальных 4,50.

У Віцебску ў лазні ТАА “Карона Трэйд” тарыфы перавышалі дапушчальныя амаль у два разы: цана за 2 гадзіны наведвання складала 16 рублёў замест 8, за карыстанне душам — 11 замест 7,5.

Уласнікам аб’ектаў выдадзеныя прадпісанні пра выпраўленне парушэнняў і прывядзенне тарыфаў у адпаведнасць з заканадаўствам.

У красавіку МАРГ выявіў парушэнні правіл бытавога абслугоўвання спажыўцоў у 15 лазнях і саўнах з 23 правераных

Падзяліцца: