Мінск 13:02

Беларусь зноў прапанавала Польшчы аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны

Фота: "Позірк"

13 чэрвеня, Позірк. Пра прапанову Польшчы “разгледзець магчымасць аднаўлення міжнародных і прыгранічных рэгіянальных зносін” паведаміў намеснік начальніка Беларускай чыгункі (БЧ) Уладзімір Быцкевіч на 52-й сесіі Нарады міністраў Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ).

Сесія праходзіла 10–13 чэрвеня ў Цындаа (Кітай), паведамляе прэс-служба БЧ.

Быцкевіч, як адзначаецца, аргументаваў прапанову “высокай зацікаўленасцю грамадзян у аднаўленні пасажырскіх зносін паміж Беларуссю і Польшчай”.

Пра рэакцыю польскага боку не паведамляецца.

У красавіку 2025 года БЧ прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць прамыя пасажырскія перавозкі на 39-м пасяджэнні Канферэнцыі генеральных дырэктараў (адказных прадстаўнікоў) чыгунак АСЧ.

МЗС Літвы выказаўся супраць аднаўлення пасажырскіх чыгуначных зносін з Беларуссю. Рэакцыі Польшчы не было.

24 ліпеня 2024 года намеснік начальніка пасажырскай службы — начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Сяргей Шэмет заяўляў, што БЧ “на працягу трох гадоў выступае з ініцыятывай” аднавіць пасажырскія зносіны з краінамі Заходняй Еўропы.

Пасажырскія чыгуначныя зносіны Беларусі з Літвой, Польшчай і Латвіяй былі прыпыненыя ў 2020 годзе праз пандэмію COVID-19, пасля так і не аднавіліся.

У 2019 годзе на гэтыя напрамкі прыпадала каля 20% усіх міжнародных чыгуначных перавозак. У Літву было перавезена 380 тыс. пасажыраў, у Польшчу — 225 тыс., у Латвію — 20 тыс.

Краіны ЕС аднавілі ўнутраныя пасажырскія чыгуначныя перавозкі ў сярэдзіне 2021 года.

28 ліпеня 2022 года Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі заявіла пра зацікаўленасць аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны з Літвой, Латвіяй і Польшчай.

З Мінска штодня выконваюцца аўтобусныя рэйсы ў Вільнюс, Рыгу, Варшаву і іншыя гарады трох суседніх дзяржаў. Беларусы часта сутыкаюцца з сур’ёзнымі чэргамі на выезд і ўезд у краіну праз закрыццё памежных пунктаў.

У ЕС перавозяцца грузы, аднак на іх рух уплываюць санкцыі. Польскі галіновы партал Rynek kolejowy паведамляў у лютым гэтага года пра скарачэнне аб’ёмаў грузавых перавозак праз чыгуначны пункт пропуску Цярэспаль (Брэст). Адзначалася, што ў лістападзе 2024 года праз згаданы пункт праходзіла 27 таварных цягнікоў у суткі, у снежні — 23.

У публікацыі гаварылася, што ў 2021 годзе беларуска-польскую мяжу праз Цярэспаль перасякала каля 50 цягнікоў у суткі, у 2022-м — каля 20.

Падзяліцца: