Мінск 08:40

У Брэсце мужчына і жанчына памерлі праз атручванне наркотыкамі

13 чэрвеня, Позірк. Пра смяротнае атручванне наркотыкамі двух жыхароў Брэста паведамляе Следчы камітэт.

Адзначаецца, што раніцай 10 траўня цела 47-гадовага мужчыны было знойдзена на адной з вуліц абласнога цэнтра. Медыкі, якія прыбылі на месца, канстатавалі яго смерць.

12 траўня ад наркатычнага атручвання памерла 42-гадовая брэстчанка. Паведамляецца, што ў хуткую дапамогу звярнуўся яе сужыцель, які знайшоў жанчыну ў кватэры “без прыкмет жыцця”.

“Паводле вынікаў правядзення судова-медыцынскіх экспертыз устаноўлена, што смерць жыхароў Брэста наступіла ў выніку атручвання асабліва небяспечным наркатычным сродкам — метадонам”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

Распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 5 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за год колькасць грамадзян, асуджаных паводле абвінавачвання ў злачынствах, звязаных з наркотыкамі, скарацілася на 8,6% — з 2.284 да 2.088.

Падзяліцца: