У Беларусі можа з’явіцца “спецыяльная падстава” для вызвалення ад адказнасці за эканамічныя злачынствы

12 чэрвеня, Позірк. “Спецыяльная падстава” для вызвалення ад крымінальнай адказнасці за асобныя эканамічныя злачынствы можа з’явіцца ў Беларусі. Такое вызначэнне ўтрымліваецца ў праекце новай рэдакцыі дырэктывы № 4 ад 31 снежня 2010 года “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.
Праект дакумента на абмеркаванне вынесла Міністэрства эканомікі. Яно працягнецца да 20 чэрвеня.
На думку ведамства, новая дырэктыва будзе спрыяць пашырэнню магчымасцяў “рэалізацыі дзелавога патэнцыялу насельніцтва, стварэння дадатковых умоў для павышэння канкурэнтаздольнасці, дынамічнага і ўстойлівага развіцця нацыянальнай эканомікі”.
Удасканаленню кантрольнай (нагляднай) дзейнасці павінна паслужыць мінімізацыя ўмяшання ў дзейнасць суб’ектаў гаспадарання “без важкіх на тое падстаў“, а таксама “зрушэнне дзейнасці ў бок прафілактыкі і папярэджання правапарушэнняў“.
Прапануецца замацаваць у дакуменце забарону на правядзенне кантралюючымі (нагляднымі) органамі праверак “пры ажыццяўленні ў дачыненні да суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці маніторынгаў і іншых аналагічных мерапрыемстваў, якія не з’яўляюцца праверкамі“. Забарона таксама будзе тычыцца паўторных кантрольных (наглядных) мерапрыемстваў па пытаннях, “вывучаных у рамках іншых кантрольных (наглядных) мерапрыемстваў або прафілактычных мерапрыемстваў“.
Суб’екту гаспадарання, дзе выяўлены парушэнні, ліквідацыя якіх “патрабуе значных фінансавых, працоўных і часавых выдаткаў“, даецца магчымасць “без прымянення мер адказнасці заключаць з кантралюючым (наглядным) органам пагадненне аб паэтапнай ліквідацыі выяўленых парушэнняў“.
Праваахоўным органам пры ажыццяўленні папярэдняга расследавання па эканамічных злачынствах неабходна будзе зыходзіць з “неабходнасці роўнасці прававой ацэнкі дзеянняў суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці розных формаў уласнасці“, а таксама “пашырыць практыку індывідуалізацыі прымянення мер стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і хатняга арышту“.
Таксама будзе пераглядацца паняцце эканамічнай (дзелавой) рызыкі “ў мэтах выключэння крымінальнага пераследу за дзеянні, учыненыя ва ўмовах такой рызыкі”.
Прадугледжаны “паэтапны пераход на выключна электронную форму звароту суб’ектаў гаспадарання за ажыццяўленнем пераведзеных у такую форму адміністрацыйных працэдур“.
Плануецца пашырыць сферу электроннага дакументазвароту ў частцы ўстанаўлення адзіных фарматаў выкарыстання асноўных першасных уліковых і іншых дакументаў у выглядзе электроннага дакумента, а таксама аўтаматызаваць працэдуру разгляду эканамічнымі судамі абласцей (горада Мінска) патрабаванняў у рамках загаднай вытворчасці.
Забараняецца ўстанаўленне “міжабласных і іншых рэгіянальных абмежаванняў пры ажыццяўленні гандлю таварамі, выкананні работ (наданні паслуг)“.
Мяркуецца пашырыць пералік тавараў (работ, паслуг) для ўдзелу суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў працэдурах дзяржаўных закупак.
Дзяржаўная падтрымка абяцаная стартапруху, уключаючы фінансавую падтрымку арганізацыям, якія ажыццяўляюць “падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў па ўключэнню моладзі ў інавацыйную і прадпрымальніцкую дзейнасць“.
Прадугледжана замацаванне на заканадаўчым узроўні паняцце сямейнага прадпрымальніцтва, прадугледзеўшы ў тым ліку для малых сямейных прадпрыемстваў прававыя ўмовы функцыянавання, якія дапускаюць “замацаванне кадраў з ліку членаў сям’і, скасаванне фармальных працэдур паміж імі, Ўнутранае рэгламентаванне пытанняў размеркавання функцыянальных абавязкаў, а таксама пытанняў размеркавання уласнасці“.
Аб падрыхтоўцы змяненняў у дырэктыву стала вядома ў красавіку з паведамлення рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
Дакумент, які складаецца з дзевяці раздзелаў, прадпісваў “разняволіць дзелавую ініцыятыву“ і “істотна падняць ролю прадпрымальніцтва, рэальна павысіць яго ўнёсак у фармаванне тэмпаў эканамічнага росту, забеспячэнне высокай эфектыўнасці функцыянавання беларускай эканомікі”.
2011 год у сувязі з падпісаннем акта быў абвешчаны Годам прадпрымальнасці.
Дзесяць гадоў таму ўлады ўжо дэкларавалі намер актуалізаваць дырэктыву № 4. У красавіку 2015 года пасля грамадскага абмеркавання праекта зменаў ён быў унесены ва ўрад, але затым адпраўлены на дапрацоўку Адміністрацыяй прэзідэнта і паўторна ўнесены ў Савет міністраў.
У сакавіку 2016 года прадстаўнікі асноўных бізнес-саюзаў накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта ліст з прапановай яшчэ дапрацаваць апошнюю рэдакцыю праекта, паколькі яна насіла “дэкларатыўны характар“. Пасля гэтага стала вядома, што змены ў дакумент уносіцца не будуць.
У лютым паведамлялася аб падрыхтоўцы ўказа, накіраванага на “стварэнне максімальна спрыяльных адміністрацыйна-прававых, арганізацыйных і эканамічных умоў функцыянавання і развіцця бізнесу”.
Праца над дакументамі праходзіць на фоне адначасовага ўзмацнення кантролю ўладаў за прыватным бізнэсам. Указ ад 21 лютага 2025 года № 74 “Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў“ даў ім права ўзгадняць прызначэнне кіраўнікоў арганізацый, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці.
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаУ траўні сярод несезонных тавараў найбольш даражэлі какава-парашок і цэмент (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка