Мінск 02:11

Генпракуратура раскрытыкавала Мінпрыроды за ахову тэрыторый, дзе больш няма відаў з Чырвонай кнігі

Вялікая белая чапля (выключана з Чырвонай кнігі Беларусі)
Ілюстрацыйнае фота: Santiago Lacarta / unsplash.com

11 чэрвеня, Позірк. Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, а таксама “кампетэнтныя службы” нічога не зрабілі, каб зняць рэжым аховы з тэрыторый, дзе больш няма занесеных у Чырвоную кнігу відаў флоры і фауны, такія прэтэнзіі публічна выставіла 11 чэрвеня Генеральная пракуратура.

Гэтыя прэтэнзіі, згодна з паведамленнем прэс-службы нагляднага органа, выкладзеныя ў накіраваным Мінпрыроды “прадстаўленні аб ліквідацыі парушэнняў, а таксама прычын і ўмоў па пытанні захавання заканадаўства аб ахове месцаў пражывання дзікіх жывёл і месцаў вырастання дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу, а таксама іншых норм заканадаўства аб жывёлах”.

Генпракуратура звярнула ўвагу на тое, што ў 2014 годзе з Чырвонай кнігі выключылі вялікую белую чаплю, малінавую ордэнскую стужку (від матылька), першацвет высокі, сліву калючую. Аднак на працягу 10 гадоў, як сцвярджаецца, прыродаахоўныя інспекцыі Глыбоцкага, Салігорскага, а таксама Ляхавіцкага і Пінскага раёнаў (Віцебская, Мінская і Брэсцкая вобласці адпаведна) не рабілі захадаў, каб скасаваць адмысловы рэжым аховы і выкарыстання, раней усталяваны ў месцах пасялення і росту згаданых відаў. Адпаведныя прадстаўленні, канстатавала пракуратура, “у райвыканкамы не ўносіліся”.

“Пацверджана знікненне вярбы чарнічнай, цыбулі мядзведжай, шэрага жураўля, чарнагрудай гагары, чорнага бусла ў Шаркаўшчынскім раёне (Віцебская вобласць), аднак забароны і абмежаванні ўсё яшчэ не знятыя”, — адзначыў наглядны орган.

У Генпракуратуры заявілі, што “невыкананне названых норм заканадаўства перашкаджала арганізацыям праводзіць рубкі лесу і ажыццяўляць іншую гаспадарчую дзейнасць, хаця падставы для такіх забаронаў і абмежаванняў адпалі”.

Паводле сцвярджэння ведамства, у Беларусі таксама “выяўленыя і перададзеныя пад ахову месцы пражывання больш як 280 чырванакніжных відаў жывёл і раслін, аднак планавыя мерапрыемствы па захаванні біялагічнай разнастайнасці распрацаваныя толькі для 47 відаў (менш за 17%)”. “Пры гэтым у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях зафіксаванае знікненне з месцаў пражывання і росту відаў жывёл і раслін, адносна якіх планы дзеянняў па іх захаванні агулам не распрацоўваліся”, — гаворыцца ў паведамленні.

Высветлена, што “не былі перададзеныя пад ахову 37 месцаў пражывання чырвонакніжных жывёл і раслін”: у Віцебскай вобласці — ва Ушацкім, Глыбоцкім, Докшыцкім і Лепельскім раёнах; Гомельскай — у Жлобінскім і Петрыкаўскім; Мінскай — у Нясвіжскім, Пухавіцкім, Валожынскім, Стаўбцоўскім і Чэрвеньскім; Брэсцкай — у Бярозаўскім і Драгічынскім; Гродзенскай — у Гродзенскім і Свіслацкім; Магілёўскай — у Слаўгарадскім і Чавускім.

Яшчэ адна прэтэнзія тычыцца таго, што ў парушэнне заканадаўства “не вызначаны парадак уліку ў кадастры жывёльнага свету тых дзікіх жывёл, якія аднесеныя да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, але пры гэтым не з’яўляюцца аб’ектамі палявання і рыбалоўства (чорны бусел, скопа, беркут, арлан-белахвост, пугач ды іншыя)”.

Праз гэта, як сцвярджаецца, “даныя пра геаграфічны распаўсюд названых відаў жывёл, іх колькасныя і якасныя характарыстыкі, а таксама іншая інфармацыя, неабходная для забеспячэння іх аховы, у кадастры жывёльнага свету не размешчаная”.

На прэс-канферэнцыі 21 траўня начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова паведаміла, што ў 2025 годзе ў адпаведнасці з прапановамі Нацыянальнай акадэміі навук у Чырвоную кнігу дадалі 13 відаў жывёл і 5 відаў раслін. Пры гэтым з пераліку выключылі 13 відаў жывёл і 58 відаў раслін.

Цяпер у Чырвонай кнізе налічваецца 213 відаў жывёл і 310 відаў дзікарослых раслін.

Падзяліцца: