Мінск 00:09

Дэфіцыту медыкаў няма, трэба рацыянальна выкарыстоўваць кадравы рэсурс — прадстаўніца Мінздароўя

Ілюстрацыйнае фота: Usman Yousaf / unsplash.com

11 чэрвеня, Позірк. У ахове здароўя Беларусі “маецца дастаткова добры кадравы рэсурс, самая вялікая задача — гэта рацыянальнае іх выкарыстанне”, такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня ў Мінску начальніца галоўнага ўпраўлення кадравай працы і прафесійнай адукацыі Мінздароўя Вольга Калюпанава.

“Нельга сказаць, што мы маем праблему — дэфіцыт кадраў, асабліва ў рэгіёнах і па вузкіх спецыялістах, — сцвярджае чыноўніца. — Мы ўкаранілі такую ​​сістэму, як спрошчаны допуск да занятку сумежных спецыяльнасцяў паводле праграм падвышэння кваліфікацыі”.

У Рэспубліканскім банку вакансій на 11 чэрвеня фігуруе 2.833 вакансіі ўрача-спецыяліста, маецца 3.649 месцаў.

Раней у банку пазначалася толькі колькасць вакансій урачоў-спецыялістаў, якіх на канец студзеня 2025 года было больш за 4,3 тыс., на 14 чэрвеня 2024 года — амаль 5 тыс.

Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаванняў над людзьмі. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных медыкаў, хаця сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.

У статыстычным аглядзе праваабарончага цэнтра “Вясна” за 2024 год, апублікаваным 29 снежня, гаворыцца пра 17 урачоў, якія знаходзяцца ў няволі ў Беларусі.

Дакладная колькасць медыкаў, якія пакінулі краіну або прафесію праз рэпрэсіі, невядомая.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: