Мінск 02:35

МАРГ: Ад пачатку года цэнавыя парушэнні выяўленыя больш чым у 100 суб’ектаў, агульная сума штрафаў — звыш 250 тыс. рублёў

Ілюстрацыйнае фота: Shelley Pauls / unsplash.com

10 чэрвеня, Позірк. Ад пачатку 2025 года парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні выяўленыя больш як у 100 суб’ектаў гаспадарання, паведаміла 10 чэрвеня прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Паводле інфармацыі ведамства, агульная сума штрафаў склала звыш 250 тыс. рублёў.

Адна з кампаній у Гомельскай вобласці, як сцвярджаецца, прадавала гародніну “баршчавога набору” і яблыкі “з надбаўкай 442% пры дапушчальных заканадаўствам 30%”. “У выніку неабгрунтаванай дзейнасці арганізацыя атрымала больш за 50 тыс. рублёў выручкі, за што ёй пагражае штраф у памеры да 110 тыс. рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Мінскай вобласці прыватнае прадпрыемства, як заяўлена, “непраўдзіва пазначала даныя” ў таварна-транспартных накладных “пры рэалізацыі прадукцыі”; у індывідуальнага прадпрымальніка не было дакументаў, “якія абгрунтоўваюць рознічныя цэны”, акрамя таго, “былі завышаны дапушчальныя гандлёвыя надбаўкі да 55% пры дазволеных 15–30%”.

У Брэсцкай вобласці індывідуальны прадпрымальнік, паводле сцвярджэння МАРГ, далучаў да коштаў на безалкагольныя напоі і ваду гандлёвыя надбаўкі — ад 47% да 156% — пры абмежаванні не больш за 40%.

Раней “Позірк” паведамляў, што ў 2024 годзе цэнавыя парушэнні выявілі ў 331 суб’екта гаспадарання, агульная сума штрафаў склала 85,18 млн рублёў, з якіх 83,7 млн ​​выпісалі мабільнаму аператару А1.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзенае рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змяненні.

Пастанова № 713(6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, што падпадаюць пад цэнавае рэгуляванне — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку” — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “базавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

18 кастрычніка 2024 года Аляксей Багданаў, які займаў на той момант пасаду міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (14 студзеня 2025-га прызначаны амбасадарам у Казахстане), паведаміў, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”.

31 кастрычніка першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Савет міністраў працуе над ліквідацыяй негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанова № 713.

Спажывецкія цэны ў красавіку 2025 года выраслі на 1%, у гадавым вымярэнні (да сакавіка 2024 года) — на 6,5%.

Падзяліцца: