Мінск 01:08

Турчын абмеркаваў з калегамі з Казахстана і Таджыкістана ўзаемны гандаль

Крыніца: freepik.com

4 чэрвеня, Позірк. “Правільнасць шляху ўзаемаадносін” з Казахстанам і Таджыкістанам падкрэсліў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падчас двухбаковых сустрэч 4 чэрвеня з калегамі з гэтых сярэднеазіяцкіх дзяржаў, вынікае з паведамленняў прэс-службы ўрада Беларусі.

На перамовах з таджыкскім прэм’ерам Кахірам Расулзадой Турчын назваў стварэнне сумесных вытворчасцяў “апорным пунктам для прасоўвання эканамічных інтарэсаў” дзвюх дзяржаў.

“Супрацоўніцтва дзвюх краін характарызуецца дынамічным развіццём гандлёва-эканамічных адносін, — сказаў прэм’ер Беларусі. — Летась мы дасягнулі нядрэнных вынікаў. Аб’ём двухбаковага тавараабароту перавысіў 168 млн долараў, што дазволіла нашай краіне ўвайсці ў дзясятку асноўных знешнегандлёвых партнёраў Таджыкістана”.

“Ключавым вектарам” развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана з’яўляецца “прамысловая сфера і развіццё вытворчай кааперацыі”, заявіў Турчын на сустрэчы з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Алжасам Бекценавым.

“У бліжэйшы час асноўнай задачай бачу прыкладанне ўзаемных намаганняў па нарошчванні станоўчай дынамікі ў гандлі. Патэнцыял для таго, каб павялічыць пастаўкі тавараў, як беларускіх, так і казахстанскіх, маецца”, — падкрэсліў чыноўнік.

Паводле слоў Бекценава, у мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам склаў 900 млн долараў. “За першы квартал 2025 года тавараабарот дасягнуў 200 млн долараў (+3,6% да студзеня — сакавіка 2024-га). Патэнцыял [развіцця эканамічных адносін] вельмі вялікі. Нам ёсць куды імкнуцца”, — падкрэсліў Бекценаў.

Гандлюючы з краінамі — членамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў у студзені — красавіку 2025 года, Беларусь больш экспартавала тавараў, чым імпартавала. Аднак з краінамі па-за аб’яднаннем знешнегандлёвае сальда склалася для Мінска адмоўным, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

З краінамі СНД Беларусь нагандлявала за траціну года на 17 млрд 416,1 млн долараў (за аналагічны перыяд 2024-га — 17 млрд 358,2 млн; +0,3%): аб’ём экспарту склаў 8 млрд 885 млн (8 млрд 907,5 млн; -0,3%), імпарту — 8 млрд 531,1 млн (8 млрд 450,7 млн; +1%); дадатнае сальда — 353,9 млн (456,8 млн; -22,5%).

Тавараабарот з дзяржавамі па-за СНД — 9 млрд 626,8 млн долараў (9 млрд 678,9 млн; -0,5%): экспарт — 3 млрд 505,5 млн (4 млрд 4,6 млн; -12,5%), імпарт — 6 млрд 121,3 млн (5 млрд 674,3 млн; +7,9%); адмоўнае сальда — 2 млрд 615,8 млн (-1 млрд 669,7 млн; +56,7%).

Раней паведамлялася, што знешнегандлёвы абарот тавараў Беларусі ў студзені — красавіку 2025 года склаў 27 млрд 42,9 млн долараў — на 0,02% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (27 млрд 37,1 млн).

Падзяліцца: