Мінск 23:28

Дзяржпагранкамітэт паведаміў пра выяўленне цела замежніцы на мяжы з Латвіяй

16 траўня, Позірк. Пра выяўленне на мяжы з Латвіяй цела жанчыны паведаміла 16 траўня прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Адзначаецца, што труп увечары 14 траўня знайшлі полацкія пагранічнікі ў Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць).

“Замежніца знаходзілася за 150 метраў ад мяжы ў лясным масіве. Дакументаў і асабістых рэчаў пры ёй не знойдзена. На месцы працавала следча-аператыўная група з мэтай фіксацыі прыкмет незаконнага вытурэння ўцякачкі сумежным бокам”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

13 траўня Дзяржпагранкамітэт паведамляў пра выяўленне ў гэтым рэгіёне на мяжы з Латвіяй цела мужчыны-замежніка.

Паводле даных ведамства, з 2021 года “на мяжы з Еўрасаюзам загінуў 71 уцякач”, у тым ліку 30 — на латвійскім кірунку.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты трапляюць на мяжу з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: