Мінск 12:53

Пад украінскія санкцыі трапіў “Планар“, які знаходзіцца ў сістэме Дзяржкамваенпрама

11 сакавіка, Позірк. Адно з вядучых прадпрыемстваў беларускага Дзяржкамваенпрама — мінскае ААТ “Планар” — уключана ў новы санкцыйны пакет Украіны, зацверджаны прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім 9 траўня.

Усяго ў пераліку 74 юрыдычныя і 58 фізічных асоб — з Беларусі (адна пазіцыя), РФ, Ірана, Узбекінстана і Кітая (адна).

Гаворка ідзе аб блакаванні актываў, поўным прыпынку гандлёвых аперацый і транзіту рэсурсаў і іншых абмежаваннях, прадугледжаных законам Украіны “Аб санкцыях“.

“Планар” з 5 снежня 2023 года знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЗША, з 22 лютага 2024-га — Вялікабрытаніі, з 24 лютага 2024-га — Аўстраліі, з 9 жніўня 2024-га — Канады.

Аб’яднанне былых сілавікоў BelPol у сакавіку заявіла, што прадпрыемства працягвае закупляць абсталяванне ў ЗША, выкарыстоўваючы для абыходу санкцый у якасці пасярэднікаў кітайскія і карэйскія кампаніі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў 2022 годзе поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама актыўна працуюць на расійскую абаронную замову.

Падзяліцца: