Мінск 12:57

Латушка ў Маўтхаўзене: Таталітарызм павінен быць асуджаны на паразу

Фота: прэс-служба Паўла Латушкі

11 траўня, Позірк. “Памяць пра мінулае нагадвае пра неабходнасць барацьбы супраць тыраніі ў сучаснасціі”, — заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка на цырымоніі да 80-й гадавіны вызвалення канцэнтрацыйнага лагера Маўтхаўзен у Аўстрыі 11 траўня.

Паводле палітыка, лозунг ”Ніколі зноў”, пад якім у Еўропе традыцыйна адбываюцца памятныя мерапрыемствы да гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, — гэта “заклік да дзеянняў, каб не дапусціць ніякіх форм гвалту і рэпрэсій”.

“Каб абараніць тых, хто сёння змагаецца за сваю свабоду, у тым ліку і ў маёй краіне — Беларусі, і каб забяспечыць, каб тыранія і несправядлівасць больш ніколі не вярнуліся ў наш свет. Таталітарызм у сучасным свеце павінен быць асуджаны на паразу”, — цытуе палітыка прэс-служба АПК.

Ён правёў размовы з міністрам эканомікі Аўстрыі Вольфганам Хатмансдорферам і са старшынём камісіі па міжнародных справах парламента Аўстрыі Пэтрай Байер, з якой абмеркаваў стварэнне групы сяброўства з дэмакратычнай Беларуссю.

У афіцыйнай цырымоніі прынялі ўдзел прэзідэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дер Белен і канцлер Хрысціан Стокер, кароль Іспаніі Філіп VI, прадстаўнікі Еўрапарламента, намеснік кіраўніка Сената Польшчы Мацей Жыўна, першы намеснік міністра замежных спраў Уладзіслаў Барташэўскі і інш. — больш за 60 дэлегацый з розных дзяржаў, удакладняе НАУ.

З апошнімі двума Латушка меў “кароткія размовы”.

Аб тым, што ў мерапрыемствах возьме ўдзел дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі на чале з Латушкам, паведаміла “Позірку” напярэдадні прэс-служба палітыка.

Латушка разам з прадстаўнікамі дыяспары браў удзел у аналагічнай акцыі ў 2022 годзе.

Афіцыйныя дэлегацыі Беларусі і РФ не былі запрошаныя ў Маўтхаўзен у 2022–2025 гадах.

Гэта тлумачыцца паўнамаштабнай вайной Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: