Мінск 16:36

У Карэліцкім раёне ліквідуюць тарфяны пажар, МНС запэўнівае, што пагрозы для насельніцтва няма

Відэа: МНС / Стоп-кадр: "Позірк"

10 траўня, Позірк. Пра працяг ліквідацыі тарфянога пажару ў Карэліцкім раёне (Гродзенская вобласць) паведаміла раніцай 10 траўня прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

“Напярэдадні відавочца паведаміў у МНС пра тое, што ля вёскі Скорычы (прыкладна за 10 км ад Карэлічаў, 20 км — ад Міра, 30 км — ад Навагрудка, 40 км — ад Стоўбцаў. — “Позірк”.) гарыць тарфяное поле, — гаворыцца ў паведамленні. На месцы пажару працуюць 5 адзінак тэхнікі МНС, 15 ратавальнікаў, а таксама трактар ​​мясцовага сельгаспрадпрыемства”.

Паводле інфармацыі міністэрства, для “каардынацыі дзеянняў і аператыўнага рэагавання” абвешчаны “збор раённай камісіі па НС”. Пры гэтым сцвярджаецца, што “пагрозы жыццю і бяспецы насельніцтва няма”.

“Узгаранне лакалізаванае. Падраздзяленні МНС працягваюць працу на месцы да поўнай ліквідацыі”, — заяўляе ведамства.

У сутачнай зводцы МНС адзначана, што паведамленне пра тарфяны пажар паступіла 9 траўня ў 15:48. Яго лакалізавалі ў 21:00. Заяўлена, што на 6 гадзін раніцы 10 траўня “плошча, пройдзеная фронтам пажару”, склала 7 гектараў (параўнальна з дзесяццю футбольнымі палямі).

Падзяліцца: