Мінск 06:36

Еўрапарламент асудзіў “генацыдную стратэгію” ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей з боку РФ пры падтрымцы Беларусі

Фота: ЕП

9 траўня, Позірк. Дэпутаты Еўрапарламента (ЕП) у прынятай 8 траўня рэзалюцыі асудзілі “генацыдную стратэгію”, якая ажыццяўляецца Расіяй пры падтрымцы Беларусі ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей.

Гэтая стратэгія накіраваная “на сціранне ўкраінскай ідэнтычнасці”, гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што “прымусовая перадача і дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей, іх незаконнае ўсынаўленне, іх забойства, а таксама прымусовая русіфікацыя і мілітарызацыя павінны спыніцца”.

“Расія павінна паведаміць асобы і месцазнаходжанне ўсіх дэпартаваных украінскіх дзяцей і забяспечыць іх дабрабыт і бяспечнае і безумоўнае вяртанне. Расійскія ўлады таксама павінны дазволіць міжнародным арганізацыям, такім як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і ЮНІСЕФ, доступ да ўсіх дэпартаваных украінскіх дзяцей”, — заяўляюць еўрадэпутаты.

У рэзалюцыі гаворыцца аб неабходнасці далейшай еўрапейскай падтрымкі Украіны, міжнародных і няўрадавых арганізацый “у іх намаганнях па дакументаванні дэпартацыі дзяцей”.

Еўрапарламент заклікаў ЕС і дзяржавы, якія ў яго ўваходзяць, “далучыцца да Міжнароднай кааліцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей”.

“Міжнародная супольнасць павінна прыцягнуць Расію да адказнасці, узмацніўшы каардынацыю праз Міжнародны крымінальны суд, Міжнародны суд ААН і Спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Любая сапраўдная мірная дамова павінна ўключаць рэпатрыяцыю гэтых дзяцей і адказнасць за гвалтоўныя перасоўванні і дэпартацыі”, — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Дакумент падтрымала 516 еўрадэпутатаў, 3 прагаласавалі супраць, 34 устрымаліся.

Агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь перавысіла 3.500, заявіў 25 лютага 2025 года намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Кажучы пра дзейнасць сваёй каманды па зборы і дакументаванні доказаў злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей, Латушка, паводле інфармацыі АПК, паведаміў, што з З лістапада 2024 года па студзень 2025-га сама меней сем груп дзяцей былі незаконна дастаўленыя з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь. Большасць з іх — з Данецкай, Луганскай і Херсонскай абласцей. Не менш як 120 дзяцей “сталі ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовай індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі”.

“У чэрвені і лістападзе 2023 года мы перадалі сабраныя матэрыялы наўпрост прадстаўнікам Офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суда: сведчанні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей і факты іх прымусовай інтэграцыі ў беларускае і расійскае сацыяльна-культурнае асяроддзе”, — нагадаў Латушка.

Сабраныя НАУ дакументы ўтрымліваюць звесткі пра даты і месцы знаходжання дзяцей, абставіны іх перамяшчэння, праграмы іх знаходжання ў Беларусі; крыніцы інфармацыі, выкарыстаныя для пацвярджэння даных (фатаграфіі, відэазапісы, дакументы).

“Мы працягваем актыўную працу, фіксуючы новыя выпадкі злачынстваў і выяўляючы вінаватых. Мы нагадваем асобам, адказным за ўчыненне гэтых злачынстваў, што яны не маюць тэрміну даўнасці, а справядлівасць абавязкова пераможа”, — адзначыў кіраўнік структуры.

У 2023 годзе НАУ двойчы перадавала МКС матэрыялы пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл дамагаюцца выдачы ордара на арышт Лукашэнкі.

24 верасня 2024 году ўкраінскі праграмны дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Freedom House (штаб-кватэра ў Вашынгтоне) Юрый Юркевіч заявіў, што ў МКС былі перададзеныя “новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі” ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей.

5 кастрычніка быў апублікаваны даклад “Скрадзенае дзяцінства”, падрыхтаваны Freedom House, праваабарончым цэнтрам “Вясна”, аб’яднаннем былых сілавікоў BelPol (беларускія арганізацыі ў выгнанні), а таксама рэгіянальным цэнтрам правоў чалавека і праваабарончым цэнтрам ZMINA (Украіна).

Афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага крымінальнага суда Фадзі эль-Абдала 9 кастрычніка паведаміў, што нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту МКС, рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасці за дачыненне да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый.

Падзяліцца: