Мінск 20:31

ДПК паведаміў пра смерць чарговага мігранта на мяжы з Латвіяй — трэцяга з пачатку года

Фота: ДПК

6 траўня, Позірк. Аб выяўленні 6 траўня на мяжы з Латвіяй цела чарговага мігранта паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

Сцвярджаецца, што “галава мужчыны была пагружаная ў ваду”, загінулы “знаходзіўся пад бервяном, якое ляжала ўпоперак канавы”. “Замежнік знойдзены без абутку, дакументаў і тэлефона”, — заяўляе ДПК.

На месца здарэння была выклікана следча-аператыўная група.

Паводле даных ведамства, з студзеня гэтага года на беларуска-латвійскай мяжы выяўлены тры трупы мігрантаў, а з пачатку 2021 года — 28.

5 траўня ДПК паведаміў пра выяўленне днём раней на мяжы з Латвіяй “цяжарнай уцякачкі афрыканскай знешнасці без прытомнасці”. Тады сцвярджалася, што праз дзеянні прадстаўнікоў сілавых структур сумежных дзяржаў Еўрасаюза з 2021 года на мяжы загінулі 68 мігрантаў.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не тлумачыць, якім чынам мігранты трапляюць на мяжу з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: