Мінск 14:54

Прапаганда паведаміла пра дастаўку ў Мінск байца палка Каліноўскага Грачыху і экс-кандыдата ў члены КР Бялюціна

6 траўня, Позірк. У Мінск дастаўлены экс-кандыдат у члены Каардынацыйнай рады (КР), былы актывіст незарэгістраванай партыі “Народная грамада” Павел Бялюцін, а таксама баец беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе на баку Украіны, Васіль Грачыха, вынікае з сюжэту праўладнага тэлеканала “Першы інфармацыйны”.

Прапагандысты прадставілі Бялюціна як удзельніка “Віленскай харугвы”. Сцвярджаецца, што “ён адзначыўся і ў 2020 годзе як актыўны ўдзельнік несанкцыянаваных пратэстных рухаў”, нібыта ўваходзіў у склад групы, “якая планавала атаку беспілотнікамі па Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы”.

24 красавіка стала вядома, што не пазней за 10 красавіка Бялюцін знік у Польшчы. Туды мужчына прыбыў з Літвы, якая прызнала яго пагрозай для нацыянальнай бяспекі.

Паводле інфармацыі СМІ, у 2022 годзе Бялюціна ў Беларусі прыгаварылі да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за “абразу прадстаўніка ўлады”.

У 2024 годзе Бялюцін балатаваўся ў КР трэцяга склікання, але быў выключаны са спісаў кандыдатаў. Як паведамлялі медыя, гэта адбылося, калі з’явілася інфармацыя пра тое, што ў 2017 годзе мужчына напісаў данос на прадпрымальніка і грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча (цяпер палітвязень; асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі).

Пра Грачыху прапагандысты заявілі, што яго пазыўны “Васіліск”. Сцвярджаецца, што ў лютым 2022 года ён выехаў з Беларусі ў Польшчу, пасля падрыхтоўкі ўступіў у полк Каліноўскага.

У сюжэце праводзіцца паралель паміж затрыманнем Грачыхі і сітуацыяй з экстрадаваным з В’етнама экс-байцом палка Каліноўскага Васілём Верамейчыкам.

Верамейчык у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, затым пераехаў ва Украіну, дзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў і стварэння палка Каліноўскага служыў намеснікам камандзіра батальёна “Волат”. Быў паранены, мае ўзнагароды.

У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Верамейчык быў абраны ў КР і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.

Паводле звестак Позірку, пасля адмовы Літвы ў наданні права на жыхарства Верамейчык у кастрычніку таго года беспаспяхова спрабаваў трапіць у Грузію з Турцыі.

Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы праз тое, што ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску. Яму выдалі забарону на ўезд у ЕС на 30 месяцаў.

Пра экстрадыцыю мужчыны стала вядома 20 лістапада. Паводле інфармацыі “Блока Пракоп’ева-Ягорава” ў КР, яго член Верамейчык быў затрыманы ў Хашыміне 13 лістапада.

27 лістапада праваабаронцы прызналі былога добраахвотніка палітвязнем.

Падзяліцца: