Мінск 21:19

Страхавыя арганізацыі Беларусі ў першым квартале сабралі на 12,1% больш унёскаў, чым годам раней

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 траўня, Позірк. У студзені — сакавіку 2025 года страхавым арганізацыям, што працуюць у Беларусі, паступіла агулам 710,46 млн рублёў у выглядзе ўнёскаў па прамым страхаванні і састрахаванні — на 12,1% больш, чым за тыя ж месяцы 2024-га (633,6 млн), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Міністэрства фінансаў.

Па добраахвотных відах страхавання сабрана 514,44 млн рублёў (458,3 млн; +12,2%), абавязковым відах — 196,02 млн (175,3 млн; +11,8%).

Выплаты страхавой кампенсацыі і страхавога забеспячэння склалі 372,7 млн ​​рублёў (345,1 млн; +8%).

Удзельная вага добраахвотных відаў страхавання ў агульнай суме страхавых унёскаў склала 72,4% (у першым квартале 2024-га года — 72,3%).

Намінальны налічаны сярэдні заробак прадстаўнікоў сферы фінансаў і страхавання ў сакавіку склаў 4.052,8 рублёў, што ў 1,6 раза больш за сярэдні па Беларусі (2.601,8).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі фінансавым і страхавым арганізацыям, на 1 красавіка 2024 года склала 4 млрд 909,5 млн (+29,5% у гадавым вымярэнні), пратэрмінаваная — 10,6 млн (год таму не было).

Падзяліцца: