Мінск 20:18

Жанчына-кіроўца, якая збіла насмерць дзіця ў Мінску, прыгавораная да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні

Архіўнае відэа: СК / Стоп-кадр: "Позірк"

5 траўня, Позірк. Жанчына-кіроўца, якая сёлета 10 студзеня насмерць збіла дзіця ў сталіцы, прыгавораная да 2,5 года пазбаўлення волі, паведаміла дзяржаўнае агенцтва “Мінск-Навіны” са спасылкай на Следчы камітэт.

Згодна з інфармацыяй гэтага СМІ, суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў яе вінаватай паводле ч. 2 ст. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці чалавека).

Паведамляецца, што яе накіруюць адбываць пакаранне ў папраўчую калонію ва ўмовах пасялення. На падставе рашэння суда, жанчына таксама на 5 гадоў пазбаўленая права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. Акрамя таго, яна павінна выплаціць бацькам загінулага хлопчыка матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.

Як паведамляў “Позірк”, трагедыя адбылася каля 21:00 10 студзеня на вул. Касманаўтаў. 28-гадовая кіроўца аўтамабіля “Форд” не прапусціла дзіця на нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Ад атрыманых траўм хлопчык памёр на месцы.

У дзень трагедыі Следчы камітэт апублікаваў відэазапіс з момантам аварыі. На кадрах было бачна, як два чалавекі пераходзяць дарогу па пешаходным пераходзе з сярэдзіны праезнай часткі. Адзін з іх прытарможвае перад аўтамабілем, які набліжаецца, другі паскараецца і літаральна знікае пад яго коламі.

Паводле апошняй інфармацыі СК, якую апублікавала агенцтва “Мінск-Навіны”, кіроўца, набліжаючыся да нерэгуляванага пешаходнага пераходу, “адцягнулася на мабільны тэлефон” і “страціла кантроль над дарожнай абстаноўкай”. Праз гэта яна “не дала перавагу пешаходам” і здзейсніла наезд на васьмігадовага хлопчыка.

Вырак не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Даведка “Позірку”:

Згаданай ч. 2 ст. 317 КК прадугледжаны шырокі дыяпазон санкцый: ад папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў да абмежавання або пазбаўлення волі тэрмінам да 5 гадоў, якія могуць суправаджацца часовым пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Падзяліцца: