Мінск 21:46

Праз непагадзь пашкоджаныя аўтамабілі ў Мінску і Брэсцкай вобласці, сельгастэхніка ў Магілёўскай вобласці

Відэа: МНС / Стоп-кадр: "Позірк"

5 траўня, Позірк. За мінулыя суткі ў Беларусі зафіксавана 38 выпадкаў падзення дрэў праз непагадзь — у Мінску, а таксама Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

“Элементамі дахаў і паваленымі дрэвамі пашкоджаныя два легкавыя аўтамабілі ў Брэсцкай вобласці і ў горадзе Мінску, тры адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці”, — гаворыцца ў паведамленні.

МНС са спасылкай на Белгідрамет паведаміў, што ў Магілёўскай вобласці фіксаваўся надзвычай моцны вецер з парывамі да 27 метраў на секунду (10 з 12 балаў па шкале Бофарта, якая класіфікуе вецер 25–28 м/с як моцны шторм).

“У выніку парываў ветру пацярпелі тры населеныя пункты ў Гомельскай вобласці і чатыры — у Магілёўскай вобласці. Пашкоджаныя дахі дванаццаці сельскагаспадарчых будынкаў, двух жылых дамоў і адной гаспадарчай пабудовы”, — паведаміла міністэрства.

Падзяліцца: