Мінск 17:38

Мінулым вечарам МНС ліквідаваў “ачагі ляснога пажару” на мяжы з Літвой, які пачаўся на канцы красавіка

Лясны пажар у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці
Архіўнае відэа: прэс-служба МНС / Стоп-кадр: "Позірк"

5 траўня, Позірк. “Ачагі ляснога пажару” ля вёскі Таўцішкі (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці) ліквідаваныя 4 траўня ў 18:23, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пра тое, што на мяжы з Літвой агнём ахоплена 60 га лесу, стала вядома ўвечары 30 красавіка. На наступны дзень Гродзенскі аблвыканкам паспяшаўся абвясціць пажар ліквідаваным, аднак аж да сённяшняга дня МНС рэгулярна рапартаваў пра тое, што тушэнне ачагоў узгарання працягваецца.

Згодна з інтэрактыўнай мапай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, на 5 траўня ў Воранаўскім раёне праз высокую пажарную небяспеку працягвае дзейнічаць забарона на наведванне лясоў. Акрамя яго ў Гродзенскай вобласці забаронена наведваць лясы ў Гродзенскім, Дзятлаўскім, Іўеўскім, Карэліцкім, Лідскім, Навагрудскім, Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах.

Аналагічная забарона дзейнічае ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці, акрамя Клічаўскага; ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці, акрамя Лельчыцкага; у Віцебскай вобласці — у Дубровенскім, Аршанскім, Сенненскім, Талачынскім і Чашніцкім раёнах; Мінскай — у Бярозаўскім, Барысаўскім, Вілейскім, Валожынскім, Крупскім, Мядзельскім, Слуцкім раёнах.

Свабодна наведваць лясы можна на большай частцы Брэсцкай вобласці (Баранавіцкі, Бярозаўскі, Брэсцкі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі і Пружанскі раёны); на траціне тэрыторыі Мінскай вобласці (Клецкі, Капыльскі, Любанскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Стаўбцоўскі і Чэрвеньскі раёны), а таксама ў згаданых Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці і Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці.

У астатніх раёнах Беларусі дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў.

У перыяд дзеяння забароны ўезд і ўваход на тэрыторыю лесу забаронены. Абмежаванне ж азначае, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы. Пры гэтым даступныя шпацыры і збор ягад ды грыбоў.

За парушэнне пажарнай бяспекі прадугледжана адказнасць паводле арт. 15.29. КаАП (штраф для фізічных асоб — да 25 базавых велічынь, або 1.050 рублёў).

Падзяліцца: