Мінск 08:45

Без уласных медыя беларусы застануцца безабароннымі перад прапагандай — Баркоўскі

Архіўнае фота: АПК

3 траўня, Позірк. З заклікам дапамагаць беларускім незалежным медыя шляхам спажывання іх кантэнту, падпісак і ахвяраванняў 3 траўня, у Сусветны дзень свабоды друку, звярнуўся да суайчыннікаў выканаўца абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

“На жаль, беларускія медыя працуюць ва ўмовах жорсткага ціску з боку аўтарытарнай дзяржавы, з пастаяннымі пагрозамі жыццю і бяспецы журналістаў, — цытуе палітыка прэс-служба АПК. — Беларусь займае 166-е месца са 180 у сусветным рэйтынгу свабоды слова — побач з Расіяй, Кітаем, Іранам, М’янмай і Эрытрэяй”.

Баркоўскі нагадаў, што за апошнія гады “дзясяткі беларускіх незалежных выданняў абвешчаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, больш за тры дзясяткі журналістаў за кратамі толькі за сваю працу”, а спісы прызнаных “экстрэмісцкімі” выданняў і матэрыялаў “уключаюць некалькі тысяч найменняў”.

На яго думку, усё гэта сведчыць пра тое, што “свабода слова ў Беларусі — адна з самых груба парушаных сфер правоў чалавека”.

“Чаму гэта важна? Бо без свабоды прэсы грамадства губляе крытычны погляд на сябе, уладу ніхто не кантралюе, а палітычныя эліты дэградуюць. Журналістыка — ключ да празрыстасці, даверу і прафілактыкі напружання, — падкрэсліў в.а. прадстаўніка АПК па нацадраджэнні. — У гэты і іншыя дні варта памятаць: свабода думкі і выказвання [меркаванняў] — базавае права чалавека”.

“Без уласных сродкаў інфармацыі мы застаёмся безабароннымі перад дэзінфармацыяй і прапагандай”, — канстатаваў палітык.

Баркоўскі таксама нагадаў, што 234 гады таму, 3 траўня 1791 года, у Рэчы Паспалітай быў прыняты “Закон аб праўленні” (пол. — Ustawa rządowa): “Народы Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны атрымалі першую ў Еўропе Канстытуцыю, якая пашырала правы і свабоды шырокім колам грамадства — непараўнальна большыя, чым у суседзяў”.

Намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які на запрашэнне прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ўзяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды Нацыянальнага свята 3 траўня, адзначыў, што “беларусы і палякі на працягу стагоддзяў будавалі агульную еўрапейскую гісторыю”.

“Канстытуцыя 3 мая 1791 года стала не толькі сімвалам перадавых ідэй свайго часу, але і сведчаннем таго, што нашы народы спрадвеку абіралі шлях права, а не тыраніі, — цытуе палітыка прэс-служба кабінета. — І сёння беларусы працягваюць змагацца за тое, каб жыць у вольнай, дэмакратычнай Беларусі, каб вярнуць нашу Радзіму ў еўрапейскую сям’ю, дзе паважаецца закон і годнасць чалавека”.

Кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская адзначыла на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, што Канстытуцыя 3 траўня 1791 года — “сімвал гонару для палякаў, літоўцаў і беларусаў”. “Наша агульная гісторыя з Польшчай і Літвой нагадвае нам: свабода не даецца — яе заваёўваюць і абараняюць разам”, — падкрэсліла палітык.

Падтрымаць незалежных журналістаў заклікала Ціханоўская ў Сусветны дзень свабоды друку

3 траўня, Позірк. Падтрымаць незалежных журналістаў заклікала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Сусветны дзень свабоды друку, які адзначаецца 3 траўня. "Пачала сённяшнюю раніцу, як і многія іншыя, з [ютуб-шоў] "Обычное утро". Прабеглася па навінах, праверыла апошнія звесткі пра рэпрэсіі, — напісала …

Дэмакратычныя краіны запатрабавалі ад Беларусі выконваць абавязацельствы па абароне свабоды СМІ

3 траўня, Позірк. "Урад, які забараняе свабодныя СМІ, — гэта ўрад, які не давярае свайму народу праўду", — гаворыцца ў заяве да Сусветнага дня свабоды друку, з якой 3 траўня выступіў шэраг дыпламатычных місій дэмакратычных краін, што працуюць у Беларусі. На сваіх …
Падзяліцца: