Мінск 19:50

У 2024 годзе па статус уцекача ў Ізраілі звярнулася 159 грамадзян Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Eduardo Castro / pixabay.com

28 красавіка, Позірк. У 2024 годзе па статус уцекача ў Ізраілі звярнулася 159 грамадзян Беларусі, паведамляе ізраільскае медыя newsru.co.il са спасылкай на Упраўленне народанасельніцтва і міграцыі.

У параўнанні з 2023 годам, калі з адпаведным прашэннем звярнулася 688 беларускіх грамадзян, колькасць скарацілася на 76,9%.

Агулам летась статус уцекача ў Ізраілі папрасіла 6.097 замежнікаў, то бок беларусы склалі 2,6% просьбітаў. Сярод тых, хто звярнуўся па ўцякацтва, таксама былі грамадзяне Расіі (700), Індыі (580), Малаві (528), Шры-Ланкі (508), Кітая (276), Кеніі (249), Калумбіі (242), Эфіопіі (240), ПАР (210), Малдовы (200), Узбекістана (199), Турцыі (161) ды інш.

Паводле даных профільнага ўпраўлення, у 2024 годзе памежная служба Ізраілю адмовіла ва ўездзе 10.371 замежніку, у тым ліку 384 грамадзянам Беларусі (3,7%). Адмовы таксама атрымлівалі грамадзяне РФ (2.244), Украіны (1.430), Грузіі (1.222), Іарданіі (489), ЗША (487), Малдовы (467) ды інш.

Падзяліцца: