Мінск 23:22

У Шклове міліцыя стралянінай спыніла аўтамабіль з нецвярозым бяспраўнікам

Відэа: прэс-служба МУС / Стоп-кадр: "Позірк"

28 красавіка, Позірк. Міліцыя стралянінай спыніла аўтамабіль з нецвярозым кіроўцам уначы 28 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

“Супрацоўнікі ДАІ падалі сігнал пра спыненне кіроўцу “ВАЗа”. Той праігнараваў патрабаванне і на высокай хуткасці паспрабаваў уцячы па аўтадарозе “Орша — Шклоў — Магілёў”, ствараючы рэальную пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля неаднаразовых папярэджанняў пра выкарыстанне зброі інспектар зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах. Аўто спынілі”.

Паводле інфармацыі МУС, за рулём знаходзіўся 55-гадовы жыхар Аршанскага раёна, “раней пазбаўлены права кіравання за нецвярозае кіраванне”. Медыцынскі агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю ў крыві кіроўцы (моцная ступень ап’янення).

У дачыненні да мужчыны склалі 8 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні, у тым ліку за “непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, транспарт — на ахоўнай стаянцы.

Падзяліцца: