Мінск 13:58

Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ў палове раёнаў Беларусі, свабодны ўваход — толькі ў пяці

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

28 красавіка, Позірк. Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ў 59 з 118 раёнаў Беларусі, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

У Віцебскай вобласці забаронена наведваць лясы ў Дубровенскім, Аршанскім і Талачынскім раёнах; Брэсцкай — у Баранавіцкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Пружанскім раёнах; Мінскай — у Клецкім, Капыльскім, Любанскім, Нясвіжскім, Слуцкім, Салігорскім, Старадарожскім, Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнах.

Забарона распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Гомельскай і Магілёўскай вобласці, у кожную з якіх уваходзіць 21 раён.

Вольна наведваць лясы можна толькі ў Драгічынскім, Іванаўскім, Лунінецкім, Пінскім і Столінскім раёнах (усе ў Брэсцкай вобласці).

У астатніх раёнах краіны ўведзеныя абмежаванні на наведванне лясоў.

У перыяд дзеяння забароны ўезд і ўваход на тэрыторыю лесу забаронены. Пры абмежаванні ў лес нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы. Пры гэтым даступныя шпацыры, збор ягад і грыбоў.

За парушэнне пажарнай бяспекі прадугледжана адказнасць паводле арт. 15.29 КаАП (штраф для фізічных асоб — да 25 базавых велічынь, або 1.050 рублёў).

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з 6:00 27 красавіка да 6:00 28 красавіка ў Беларусі ліквідавана 9 лясных пажараў (у Мінскай вобласці — 3, Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай — па 2; агульная плошча — 0,72 гектара) і 57 пажараў травы і кустоў (9,22 га).

Падзяліцца: