Мінск 04:54

Статутная камісія КР прапанавала правесці 13 траўня выбары спікера, калі в.а. адмовіцца ад паўнамоцтваў

Архіўнае фота: "Белсат"

25 красавіка, Позірк. Камісія Каардынацыйнай рады (КР) па пытаннях статута ды іншых унутраных дакументах прапанавала правесці 13 траўня выбары спікера КР, калі яго паўнамоцтвы не набудзе цяперашняя выканаўца абавязкаў старшыні гэтай палітычнай структуры.

У рашэнні камісіі, апублікаваным 25 красавіка ў тэлеграм-канале КР, адзначана, што 9 лютага спікер Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава “паведаміла пра сыход у адпачынак і пра часовую перадачу сваіх паўнамоцтваў віцэ-спікеру Станіславе Гліннік”.

“Апошняе пасяджэнне Нарады фракцый, якое праводзілася пад старшынствам А. Мельнікавай, адбылося 11 лютага 2025 года. Адпаведна, гэтая дата лічыцца апошнім днём фактычнага выканання ёю функцыі спікера КР”, — гаворыцца ў дакуменце. Такім чынам, канстатавала камісія, 12 траўня “спаўняецца тры месяцы з моманту, калі спікер КР не ажыццяўляе выкананне сваіх функцый.

“У адпаведнасці з п. 4.2.2. Статута КР, віцэ-спікер з’яўляецца дзейным дэлегатам КР, абраным Агульным пасяджэннем, які замяшчае спікера ў перыяды змушанай адсутнасці. У выпадку немагчымасці выканання спікерам сваіх функцый цягам трох месяцаў запар віцэ-спікер набывае ўсе правы і абавязкі спікера”, — адзначана ў рашэнні.

Камісія прыйшла да высновы, што 12 траўня Гліннік “як дзейная віцэ-спікер набывае поўны аб’ём правоў і абавязкаў спікера”. У гэтым выпадку “пасада спікера не лічыцца вакантнай”, “падстаў для правядзення новых выбараў <…> няма”, але “Нарада фракцый павінна ініцыяваць разгляд пытання аб прызначэнні даты выбараў новага віцэ-спікера на Агульным пасяджэнні”.

Разам з тым, калі віцэ-спікер “адмаўляецца ад пераймання паўнамоцтваў спікера, Нарада фракцый павінна вынесці на галасаванне прапанову аб прызначэнні даты выбараў новага спікера”.

“У гэтым кантэксце 13 траўня 2025 года рэкамендуецца як адпаведная дата правядзення выбараў — у сувязі з тым, што яна прыпадае на першае запланаванае Агульнае паседжанне пасля таго, як пасада віцэ-спікера або спікера стане вакантнай”, — адзначыла камісія.

Пра тое, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, “Позірку” паведаміла 28 сакавіка прэс-служба Латушкі — кіраўніка НАУ, лідара фракцыі “Каманды Латушкі і Руху “За Свабоду” ў КР, у якія ўваходзіць Мельнікава.

Пазней СМІ паведамілі, што спікер КР магла вылецець з Польшчы ў Вялікабрытанію, куды на яе імя быў набыты авіяквіток.

7 красавіка стала вядома, што паліцыя Вялікабрытаніі не праводзіць расследаванне ў сувязі з яе знікненнем.

Раней у той жа дзень Латушка паведаміў са спасылкай на польскіх праваахоўнікаў, што Мельнікава “не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, але, хутчэй за ўсё, яна таксама не знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі”.

Партал навін “Люстэрка” заявіў, што датэлефанаваўся да былога мужа Мельнікавай. Той пацвердзіў, што іх дзеці — дзяўчынкі 7 і 13 гадоў — знаходзяцца з ім у Беларусі.

13 красавіка Павел Латушка паведаміў, што напярэдадні звярнуўся ў польскую пракуратуру з прапановай правесці дадатковыя следчыя дзеянні і заявай пра гатоўнасць даць паказанні сведкаў па яе справе.

У той жа дзень кіраўнік працоўнай групы КР па рэагаванні і маніторынгу сітуацыі са знікненнем Мельнікавай Аляксандр Паршанкоў паведаміў “Позірку“, што група працягвае разглядаць розныя варыянты развіцця падзей, у тым ліку яе знаходжанне на беларускай тэрыторыі.

17 красавіка Польскае радыё са спасылкай на Нацыянальную пракуратуру паведаміла, што расследаваннем знікнення Мельнікавай на даручэнне пракуратуры зоймецца Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Праз тыдзень, 24 красавіка, стала вядома, што справа, у якой Мельнікава праходзіць як пацярпелая асоба, перададзеная ў пракуратуру.

Падзяліцца: