Мінск 01:43

“Экстрэмісцкім фарміраваннем” прызнаны праект “Гэта моладзь“

24 красавіка, Позірк. Камітэт дзяржбяспекі 21 красавіка прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” праект “Гэта моладзь”, вынікае з абноўленага спісу на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

У спіс уключана інтэрнэт-платформа “Гэта Моладзь / This is Youth”, датычнай да яе дзейнасці названая Маргарыта Ворыхава. Таксама да “экстрэмісцкага фарміравання” аднесеныя: электронная пошта Ворыхавай, старонкі праекта і Ворыхавай у “Інстаграме”, старонка на сайце linktr.ee.

Ворыхава — дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па маладзёжнай палітыцы і студэнцтву. У лютым 2024 года стала першым у гісторыі прадстаўніком Беларусі ў Кансультатыўным савеце па справах моладзі Савета Еўропы.

Праект “Гэта Моладзь“ — ініцыятыва, створаная прадстаўніцтвам па моладзі Аб’яднанага пераходнага кабінета, “каб падтрымаць маладых беларусаў і беларусак у любы час і ў любым пункце свету”. Місія праекта — “абарона правоў маладых людзей, прадастаўленне ім доступу да магчымасцяў і падтрымкі іх актыўнага ўдзелу ў пабудове дэмакратычнай Беларусі”.

Дзейнасць, якая прылічаецца да “экстрэмісцкай“, пераследуецца ўладамі ў крымінальным парадку. Гэта адзін з актыўных інструментаў палітычных рэпрэсій.

У спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў” цяпер 279 пазіцый.

Падзяліцца: