Мінск 18:40

Зборная Беларусі па футзале прыме ўдзел у чэмпіянаце Еўропы — УЕФА

24 красавіка, Позірк. Зборная Беларусі па футзале “прайшла кваліфікацыю і прыме ўдзел у фінальным турніры” чэмпіянату Еўропы, які павінен прайсці ў Латвіі і Літве з 20 студзеня па 7 лютага 2026 года.

Пра гэта расійскаму інфармагенцтву ТАСС паведаміў Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА).

Ва УЕФА адзначылі, што “знаходзяцца ў кантакце” з футбольнымі федэрацыямі Латвіі і Літвы “па гэтым пытанн”.

18 красавіка паведамлялася, што Літоўская і Латвійская федэрацыі футбола сумесна з украінскімі калегамі “актыўна займаюцца сітуацыяй”, звязанай з удзелам беларускіх спартсменаў у чэмпіянаце Еўропы па футзале (міні-футболе).

“Цяпер літоўскі бок вядзе перамовы з інстытуцыямі нашай краіны, паколькі неабходна дзяржаўная падтрымка ў дачыненні да закона, які забараняе ўезд спартсменаў з гэтай краіны на тэрыторыю Літвы. Таксама вядуцца перамовы з УЕФА. Як толькі будуць атрыманыя неабходныя адказы, літоўская, латвійская і ўкраінская федэрацыі абвесцяць пра сваё рашэнне, якое будзе вельмі жорсткім”, — сказаў прэзідэнт літоўскай федэрацыі Эдгарс Станкявічус.

Прэзідэнт федэрацыі футбола Латвіі Вадзім Ляшэнка заявіў у сваю чаргу, што федэрацыя “актыўна займаецца пытаннем удзелу Беларусі ў чэмпіянаце і для дасягнення найлепшага рашэння супрацоўнічае з прадстаўнікамі УЕФА, Літоўскай федэрацыі футбола, а таксама паслом Украіны ў Латвіі і прэзідэнтам Украінскай асацыяцыі футбола Андрэем Шаўчэнкам”.

“У канцы гэтага ці ў пачатку наступнага тыдня ў нас будзе дакладнае рашэнне аб тым, як гэта адбудзецца. Цяпер шмат нявызначанасцяў, бо мы ведаем, што не можам арганізаваць мерапрыемства ў Латвіі з удзелам Беларусі. Мы не можам гэтага зрабіць ні з юрыдычнага, ні з этычнага пункту гледжання. На дадзены момант працягваецца камунікацыя, і як толькі ў нас будзе выразная пазіцыя УЕФА, мы абавязкова праінфармуем грамадскасць”, — адзначыў Ляшэнка.

Пра тое, што зборная Беларусі па футзале выйшла на чэмпіянат Еўропы, стала вядома 12 красавіка. Акрамя краін-гаспадароў і Беларусі, на турнір таксама прайшлі адбор Украіна, Польшча, Партугалія, Чэхія, Славенія, Арменія, Харватыя.

У сувязі з поўнамаштабнай вайной, якую Расія пачала, у тым ліку з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, абедзве краіны пазбавіліся магчымасці прымаць удзел у большай частцы буйных спартыўных спаборніцтваў у свеце. У апошніх Алімпійскіх гульнях атлеты дзвюх краін прымалі ўдзел у нейтральным статусе.

Падзяліцца: