Мінск 22:23

Улады анансавалі чарговую амністыю, папярэднія на палітвязняў не распаўсюджваліся

Фота: "Радыё Свабода"

24 красавіка, Позірк. Урад унёс на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраект “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Падкрэсліваецца, што рашэнне ініцыяванае Лукашэнкам.

Заяўляецца, што ў дакуменце “захаваныя паспяхова апрабаваныя падчас амністый мінулых гадоў падыходы (за апошнія пяць гадоў у Беларусі былі абвешчаныя чатыры амністыі)”, пры гэтым “прадугледжаны шэраг навацый”.

У прыватнасці, “пералік асоб, якія цалкам вызваляюцца ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, дапоўнены новай катэгорыяй асоб з пэўнымі захворваннямі”, гаворыцца ў паведамленні.

“Таксама прапануецца раней не судзімым асобам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і асуджаным да пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў уключна, замяніць пакаранне больш мяккім у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Замест поўнай амністыі ўстанаўліваецца прымяненне частковай у выглядзе скарачэння пакарання на адзін год да асоб, асуджаных за неасцярожныя злачынствы, якія пацягнулі смерць чалавека”, — адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

У законапраекце таксама гаворыцца, што “ў дачыненні да большасці асуджаных асноўнымі ўмовамі для прымянення прадугледжанай законапраектам амністыі з’яўляюцца поўнае пакрыццё шкоды, нанесенай здзейсненым злачынствам, а таксама станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбыцця пакарання”.

Анансуецца, што “пад амністыю трапяць каля 8 тыс. асуджаных”.

2 ліпеня 2024 года Лукашэнка падпісаў закон № 19–З “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Пры гэтым, згодна з арт. 12 закона, амністыя не распаўсюджвалася на “ўключаных <…> у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, альбо ў пералік арганізацый і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”. У апошнія гады ўлады папаўняюць гэтыя спісы пераважна імёнамі асуджаных па справах палітычнага характару.

Аналагічны падыход прымяняўся ў 2023 годзе пры ажыццяўленні амністыі, прымеркаванай да так званага “Дня народнага адзінства” 17 верасня. Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў у снежні 2022 года.

У дачыненні да палітвязняў з лета 2024 года да 24 студзеня 2025 года ўжываўся механізм памілавання паводле ўказаў Лукашэнкі, якіх было 10.

У пачатку ліпеня мінулага года ён заявіў аб вызваленні яго “цяжкахворых апанентаў”, пасля чаго стала вядома аб выхадзе на волю 18 палітвязняў. Пазней быў падпісаны шэраг указаў аб памілаванні асуджаных за “злачынствы пратэстнай” або “экстрэмісцкай накіраванасці” (на падставе ўказа ад 16 жніўня вызвалена 30 чалавек, 4 верасня — 30, 16 верасня — 37, 7 лістапада — 31, 20 лістапада — 32, 9 снежня — 29, 28 снежня — 20).

18 студзеня гэтага года Лукашэнка памілаваў 23 палітвязняў, 24 студзеня — яшчэ пятнаццаць чалавек, сярод якіх 8 людзей, “якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”. Пасля выбараў 26 студзеня гэтая практыка спынілася.

Разам з тым людзей у краіне па-ранейшаму затрымліваюць паводле палітычных матываў, суды рэгулярна выносяць прыгаворы па такіх крымінальных справах.

На 24 красавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.198 чалавек. У рэчаіснасці людзей, якія падвергліся рэпрэсіям у той ці іншай форме, значна больш.

Падзяліцца: