Мінск 21:31

У Слуцку праз нізкія заробкі страйкавалі супрацоўнікі крамы “Суседзі”

Фота: slutsk-gorod.by

24 красавіка, Позірк. У Слуцку (Мінская вобласць) 24 красавіка своечасова не адкрылася крама гандлёвай сеткі “Суседзі”, размешчаная па адрасе вул. Барысаўца, 28, паведамляе партал slutsk-gorod.by.

Адзначаецца, што аб’ект павінен быў пачаць працу ў 7 гадзін, але гэтага не адбылося. “Людзі ўвесь час прыходзілі, стаялі некаторы час пад дзвярыма, і сыходзілі”, — гаворыцца ў публікацыі.

Паводле даных медыя, пасля павелічэння рэжыму працы крамы “да двух гадзін ночы задач у персаналу стала нашмат больш”, “супрацоўнікі не аднойчы звярталіся да кіраўніцтва з просьбай падняць заробкі”.

“Сённяшні міні-страйк стаў апошняй кропляй і спробай дастукацца да адміністрацыі сеткі”, — адзначае партал.

Удакладняецца, што “каля дзесяці чалавек, якія павінны былі сёння выйсці на змену, узгоднена не адчынілі дзверы крамы”.

“Скандал доўжыўся каля гадзіны, пасля чаго “Суседзі” ўсё ж пусцілі пакупнікоў”, — адзначае выданне.

Вынікі страйку невядомыя. “Аператыўна атрымаць каментар у кіраўніцтва сеткі нам не ўдалося”, — паведамляе СМІ.

Падзяліцца: