Мінск 01:08

Затрыманы грамадзянін Францыі, які паспрабаваў увезці ў Беларусь гашыш

24 красавіка, Позірк. 46-гадовы грамадзянін Францыі, які прыбыў у Беларусь рэйсавым аўтобусам праз пункт пропуску Каменны Лог на мяжы з Літвой, схаваў у асабістых рэчах гашыш, паведамілі 23 красавіка мытныя органы Беларусі.

Адзначаецца, што француз з жонкай для праходжання мытнага кантролю “выбралі зялёны калідор, пацвердзіўшы тым самым адсутнасць у іх тавараў, якія падлягаюць дэклараванню”.

“У зале мытнага афармлення службовы сабака даў зразумець гродзенскім мытнікам, што ў мужчыны ёсць забароненыя рэчывы. Пры аглядзе яго сумкі з рэчамі быў знойдзены скрутак, загорнуты ў поліэтыленавую плёнку і схаваны ў шкарпэтку. Грамадзянін прызнаўся, што гэта наркотык”, — гаворыцца ў рэлізе.

Праведзеная экспертыза ўстанавіла, што “прадстаўленае рэчыва — небяспечны наркатычны сродак”: “Маса гашышу склала больш за 2,5 г”.

Гродзенскай рэгіянальнай мытняй узбуджана крымінальная справа па прыкметах учынення злачынства па ч. 1 ст. 3281 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную граніцу Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў).

Адзначаецца, што санкцыі артыкула прадугледжваюць пакаранне ажно да пазбаўлення волі тэрмінам да сямі гадоў.

Грамадзянін Францыі затрыманы.

16 красавіка Дзяржпагранкамітэт паведамляў, што двума днямі раней у пункце пропуску Брэст пагранічнікі затрымалі грамадзянку Беларусі, якая ехала з Польшчы на ​​аўтобусе і паспрабавала правезці пакуначак з марыхуанай.

2 красавіка ДПК паведаміў аб затрыманні ноччу 31 сакавіка грамадзяніна Латвіі з забароненымі рэчывамі, які накіроўваўся з Літвы ў Беларусь. Паводле інфармацыі ведамства, пры праходжанні кантролю ў пункце пропуску Беняконі пагранічнікі выявілі ў мужчыны ёмістасці з курыльнай сумессю, якая змяшчае каноплі, а таксама таблеткі з псіхатропным рэчывам, якія затрыманы нібыта збіраўся выкарыстоўваць у асабістых мэтах.

Падзяліцца: