Мінск 19:16

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

22 красавіка, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 10 чалавек, вынікае з заявы на сайце цэнтра “Вясна”. Цяпер у Беларусі такіх 1.202.

Статус палітвязня атрымалі ўзятыя пад варту, асуджаныя на невядомы тэрмін пазбаўлення волі паводле арт. 3611, 3612, 3614 Крымінальнага кодэкса Алена Добыш, Максім Акулаў, Дзмітрый Хамянкоў, Ігар Гольцаў, Аляксей Пераверзеў, Васіль Арэшка, Вера Кананенка, Сяргей Кардаш, Аляксандр Рыбалка, Міхаіл Нязнанаў.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, перагледзець палітычна матываваныя выракі і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі Беларускі ПЭН, Lawtrend, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Падзяліцца: