Мінск 13:29

За мінулыя суткі работнікі лясной галіны ліквідавалі 19 лясных пажараў — Мінлясгас

Фота: прэс-служба Мінлясгаса

22 красавіка, Позірк. За мінулыя суткі, 21 красавіка, работнікі лясной галіны ліквідавалі 19 лясных пажараў.

Паводле папярэдняй інфармацыі Міністэрства лясной гаспадаркі, агульная плошча ўзгаранняў склала 57,5 ​​гектара. У асобных выпадках для ліквідацыі пажараў прыцягвалася дапамога работнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Мінлясгас канстатаваў, што “больш за іншых гарэлі лясы ў Гомельскай вобласці”. У гэтым рэгіёне было зафіксавана восем ачагоў.

Да тушэння прыцягнулі ў агульнай складанасці 270 работнікаў лясных гаспадарак, задзейнічалі 30 пажарных аўтамабіляў лясгасаў, а таксама 18 трактароў “з плугамі і бочкамі РЖТ” і дзве гусенічныя тралёвачныя ўніверсальныя машыны.

Паводле інфармацыі ведамства, пажаранебяспечная абстаноўка ў лясах Беларусі “застаецца складанай”. 22 красавіка “ўжо вядома пра лясныя пажары ў Лунінецкім лясгасе і Нараўлянскім спецлясгасе”.

Мінлясгас заклікаў грамадзян “выконваць дзейныя забароны і абмежаванні на наведванне лясоў, быць асцярожнымі пры абыходжанні з агнём”.

Згодна з інтэрактыўнай мапай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, 22 красавіка захоўваецца забарона на наведванне лясоў у Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці і Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. У астатніх раёнах краіны дзейнічаюць абмежаванні.

МНС 22 красавіка папярэдзіла, што ўмовы надвор’я (навальніцы ў асобных раёнах, тэмпература паветра да 29 градусаў цяпла) могуць садзейнічаць сярод іншага ўзнікненню лясных пажараў.

За мінулыя выхадныя работнікі лясной галіны ліквідавалі 26 лясных пажараў на плошчы звыш 100 га.

Падзяліцца: