Мінск 01:20

У Беларусь з Польшчы спрабавалі ўвезці насенне кукурузы і поліпрапіленавую стужку без дэкларацыі

Фота: прэс-служба ДМК

21 красавіка, Позірк. 108 няўлічаных мяшкоў з насеннем кукурузы выявілі брэсцкія мытнікі ў грузавіку, які рухаўся з Францыі праз Польшчу ў Беларусь, паведаміла 21 красавіка прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

Адзначаецца, што лішні тавар знайшлі на этапе вагагабарытнага кантролю ў пункце пропуску Казловічы. Надгляд пацвердзіў падазрэнні. Кошт незадэклараванай прадукцыі складае больш за 40 тыс. рублёў, мытныя плацяжы, якія падлягаюць выплаце, — больш за 10 тыс.

Паводле інфармацыі ведамства, аналагічны выпадак адбыўся ў пункце мытнага афармлення “Брэст-ТЛЦ”. Грузавік, які рухаўся з Польшчы, “быў накіраваны з мяжы для правядзення дадатковых мытных аперацый”.

“Апрача пазначанай у дакументах партыі эмульгатараў і аліваў, у грузавым адсеку знаходзілася каля 600 кг стужкі з поліпрапілена коштам больш як 100 тыс. рублёў. У гэтым выпадку парушэнне заканадаўства магло пацягнуць нявыплату мытных плацяжоў у памеры каля 28 тыс. рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.

У абодвух выпадках, як заяўляе ДМК, незадэклараваныя тавары перамяшчалі “польскія перавозчыкі”.

Брэсцкая мытня распачала ў дачыненні да перавозчыкаў адміністрацыйныя працэсы паводле ч. 1 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або прадстаўленне недакладных даных пра тавары). Ім пагражае штраф — да 30% кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Падзяліцца: