Мінск 06:10

Пакуль Беларусь не зменіць палітыку ў дачыненні да Польшчы, пункты пропуску застануцца закрытымі — Сямоняк

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк
Фота: старонка міністэрства ў сацсетцы Х

19 красавіка, Позірк. Пакуль Беларусь не зменіць сваю палітыку ў дачыненні да Польшчы, раней закрытыя аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы такімі і застануцца, вынікае з заявы польскага міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаша Сямоняка на прэс-канферэнцыі 19 красавіка пасля сустрэчы з памежнікамі ў раёне пункта пропуску Баброўнікі (Падляскае ваяводства).

“Калі Беларусь захоча змяніць сваю палітыку, то, вядома, мы будзем за нармалізацыю стасункаў, — цытуе чыноўніка партал wnp.pl. — Да так пары, пакуль з боку Беларусі не адбудзецца змянення палітыкі, мы будзем жорстка ахоўваць нашу мяжу, і бяспека застанецца прыярытэтам”.

Паводле слоў Сямоняка, пытанне памежных пераходаў з’яўляецца “прадметам пастаяннага клопату з боку ўладаў”. У Падляскім ваяводстве дагэтуль функцыянуюць чыгуначныя пункты пропуску Кузніца (з беларускага боку — Брузгі) і Сямянуўка (Свіслач), у Люблінскім — чыгуначны і аўтамабільны пункты Цярэспаль (Брэст). Пры гэтым аўтамабільны пункт Кузніца зачынены з лістапада 2021 года праз міграцыйны крызіс, Баброўнікі (Бераставіца) — з лютага 2023-га пасля вынясення выраку журналісту і актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэю Пачобуту.

“Пакуль Беларусь будзе паводзіцца такім чынам у дачыненні да польскай дзяржавы, я не бачу магчымасці для якіх-небудзь змяненняў у гэтай галіне. Мы хацелі б, жадалі б, каб гэтыя пераходы былі адкрыты, каб можна было функцыянаваць нармальна”, — падкрэсліў кіраўнік польскага ведамства.

Варшава, паводле яго слоў, “не можа мірыцца з дзеяннямі Беларусі”, напрыклад, з “выкарыстаннем мігрантаў на мяжы”. Ён нагадаў па нядаўні інцыдэнт, калі “чалавек у беларускай форме кідаў камяні ў польскіх службоўцаў і службовы аўтамабіль на мяжы”, а таксама пра палітвязня Пачобута.

Такім чынам, канстатаваў Сямоняк, “пакуль Беларусь не спыніць гібрыдную агрэсію на мяжы, якая негатыўна ўплывае на грамадскае і эканамічнае жыццё, змяненняў не будзе”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Ад пачатку года, паводле падлікаў “Позірку”, Польшча спыніла каля 5 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі. Дэталёвы аналіз абцяжараны ў сувязі з тым, што польская Памежная ахова ў апошнія месяцы публікуе прыблізныя лічбы, якія разыходзяцца з данымі іншых краін Еўрасаюза — суседзяў Беларусі.

У лютым 2023 года Пачобут у рамках палітычна матываванай справы быў прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Польскія ўлады пастаянна кажуць пра тое, што яго вызваленне з’яўляецца прыярытэтам і адной з умоў, якія Мінск павінен выканаць, калі хоча рухацца ў бок нармалізацыі стасункаў.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка неаднаразова галаслоўна абвінавачваў Варшаву ў тым, што яна “адмовілася” ад Пачобута. 12 красавіка беларускі палітык фактычна адпрэчыў высунутыя Польшчай патрабаванні, неабходныя для патэнцыйнага працэсу нармалізацыі стасункаў.

Падзяліцца: