Мінск 03:19

Ціханоўская: Выклікае палёгку тое, што валанцёр “Вясны”, палітвязень Чапюк нарэшце ўз’яднаўся з сям’ёй

19 красавіка, Позірк. “Выклікае палёгку тое, што палітвязень Андрэй Чапюк нарэшце на волі і ўз’яднаўся з сям’ёй”, — такім чынам беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская адрэагавала 19 красавіка на навіну пра вызваленне валанцёра праваабарончага цэнтра “Вясна”.

“Валанцёр “Вясны” цалкам адсядзеў свой несправядлівы тэрмін. Нават у дзень вызвалення яго закавалі ў кайданкі і павезлі на допыт, перш чым канчаткова адпусціць”, — адзначыла палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Напярэдадні стала вядома, што адразу пасля вызвалення з калоніі Чапюка звезлі ў кайданках сілавікі. Разам з тым, паводле інфармацыі СМІ, у той жа вечар яго адпусцілі.

Андрэй Чапюк быў затрыманы 2 кастрычніка 2020 года ва ўзросце 24 гадоў, а 6 верасня 2022-га прыгавораны да 6 гадоў пазбаўлення волі ў рамках палітычна матываванай справы (пасля тэрмін быў скарочаны на 3 месяцы). З улікам асаблівасцей вылічэння тэрміну знаходжання ў следчым ізалятары, які ўключаецца ў агульны тэрмін зняволення, мужчына, які праз месяц адсвяткуе 29-годдзе, правёў у няволі 4 гады 6 месяцаў і 16 дзён.

За кратамі застаюцца прызнаныя палітвязнямі праваабаронцы “Вясны” — каардынатар валанцёрскай службы Марфа Рабкова (асуджаная на 14 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі), заснавальнік і старшыня цэнтра, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі (10 гадоў), яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч (9 гадоў), каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч (7 гадоў).

Падзяліцца: