Мінск 08:42

Сейм Літвы падоўжыў санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і РФ, але без пастрожвання для беларусаў

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

17 красавіка, Позірк. Сейм Літвы 17 красавіка падоўжыў яшчэ на год — да 2 траўня 2026-га — законапраект аб нацыянальных санкцыях у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансерватараў ураўнаваць абмежавальныя меры для беларусаў з тымі, што ўведзеныя для расіян, паведамляе LRT.

Таксама адхіленая прапанова ануляваць ім дазвол на жыхарства ў выпадку частых паездак у свае родныя краіны.

“Сярод [абмежавальных] мер засталася забарона на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з гэтых агрэсіўных дзяржаў, — адзначае медыя. — За закон прагаласавалі 115 членаў Сейма, супраць не выказаўся ніводзін палітык, устрымаўся адзін парламентарый”.

У адпаведнасці з нацыянальнымі санкцыямі, адзначае LRT, грамадзянам РФ “абмежаваная магчымасць падаваць прашэнне на часовае пражыванне ў Літве”, “забаронена набываць нерухомасць у краіне, калі яны не маюць часовага або сталага дазволу на жыхарства”.

Адметна, што 8 красавіка на этапе абмеркавання ў парламенце папярэдне атрымала падтрымку дэпутатаў менавіта больш жорсткая версія законапраекта.

У дакумент унеслі папраўкі пасля таго, як Камітэт Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне падтрымаў прапанову кансерватараў, якая прадугледжвала прыпыненне выдачы ДНЖ грамадзянам Беларусі, як і расіянам, калі яны не маюць дзейнай візы.

Акрамя таго, прапаноўвалася ануляваць дзейны дазвол на пражыванне, калі грамадзянін Беларусі або РФ ездзіў на радзіму больш за адзін раз на працягу трох каляндарных месяцаў (з выключэннем для перавозчыкаў і кіроўцаў грузавікоў, якія накіроўваюцца транзітам праз вышэйзгаданыя краіны, або калі паездка мела аб’ектыўныя прычыны, што не залежаць ад грамадзяніна).

У адпаведнасці з законам аб санкцыях, які парламент Літвы ўпершыню прыняў у 2023 годзе, прыпынены прыём заяў на атрыманне шэнгенскіх і нацыянальных віз ад грамадзян Беларусі і РФ за выключэннем выпадкаў, калі літоўскае МЗС выступае пасярэднікам у прыёме дазволаў на часовае пражыванне. Выключэнне робіцца толькі для тых, хто мае дзейную шэнгенскую або нацыянальную візу, дазвол на жыхарства ў Літве ці іншай краіне ЕС.

Беларусаў і расіян, якія прыбываюць з-за межаў ЕС, дадаткова правяраюць на наяўнасць пагроз нацыянальнай бяспецы, грамадскаму, дзяржаўнаму парадку, унутранай бяспецы.

Падзяліцца: