Мінск 07:22

У Літоўскую вайсковую акадэмію перастануць прымаць асоб з грамадзянствам Беларусі, РФ і Кітая

17 красавіка, Позірк. Кабінет міністраў Літвы ўхваліў прапанову Міністэрства абароны аб спыненні прыёму ў Літоўскую вайсковую акадэмію імя генерала Ёнаса Жамайціса асоб з грамадзянствам Беларусі, Расіі і Кітая, паведамляе Delfi.

Міністэрства абароны Літвы ў сакавіку вылучыла такую ініцыятыву, каб вайскоўцы “з грамадзянствам варожых Літве дзяржаў не сталі патэнцыйнымі мішэнямі для выведслужбаў і спецслужбаў такіх краін“. Гэта таксама заклікана забяспечыць лаяльнасць жаўнераў Літве.

Паведамляецца, што пасля зацвярджэння змяненняў курсанты Акадэміі павінны будуць паведаміць кіраўніцтву навучальнай установы аб наяўнасці ў іх грамадзянства іншай краіны і калі высветліцца, што гэта “грамадзянства з пераліку варожых дзяржаў“, курсант будзе адлічаны.

Адзначаецца таксама, што курсанты, якія не паведамяць аб наяўнасці другога грамадзянства названых краін, будуць адлічаныя з акадэміі і павінны будуць заплаціць за навучанне.

У снежні 2024 года Сейм Літвы прыняў папраўкі да адпаведных законаў, згодна з якімі асобы з расійскім, беларускім і кітайскім грамадзянствам не змогуць служыць ва Узброеных сілах Літвы і знаходзіцца ў Літоўскім саюзе стралкоў (ЛСС). Адзначалася, што пастанова была прынятая “пасля ацэнкі рызык і пагроз для нацыянальнай бяспекі“.

Падзяліцца: