Мінск 23:02

Начальнік Генштаба УС Беларусі Муравейка наведвае Казахстан, запланаваныя перагаворы з вайсковым кіраўніцтвам краіны

Архіўнае фота: ІА "Ваяр"

14 красавіка, Позірк. Афіцыйны візіт у Казахстан здзяйсняе начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка, паведаміла 14 красавіка прэс-служба Мінабароны.

“У адпаведнасці з праграмай візіту плануецца шэраг сустрэч і перагавораў з вайсковым кіраўніцтвам Рэспублікі Казахстан, наведванне вайсковых навучальных устаноў і цэнтраў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Беларусь і Казахстан — саюзнікі па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

У студзені 2022 года беларускія вайскоўцы разам з кантынгентамі іншых краін АДКБ удзельнічалі ў міратворчай місіі ў Казахстане, якую ваенна-палітычны блок арганізаваў на запыт прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева.

Пра умяшанне саюзных войскаў кіраўнік казахстанскай дзяржавы папрасіў у сувязі з масавымі пратэстамі, якія пачаліся ў краіне пасля рэзкага падвышэння цэн на звадкаваны прыродны газ для насельніцтва. У шэрагу гарадоў, перш за ўсё ў Алматы, на фоне пратэстаў пачаліся беспарадкі, падпалы, захоп будынкаў, акты марадзёрства і ўзброеныя сутыкненні з сілавікамі. Улады заявілі, што гэтыя падзеі сталі вынікам вонкавага ўмяшання, і прыступілі да сілавога падаўлення ў рамках “антытэрарыстычнай аперацыі”.

Пасля падаўлення пратэстаў Такаеў распачаў і пасля паспяхова завяршыў працэс адхілення ад улады ранейшага лідара Казахстана Нурсултана Назарбаева, які пасля сыходу з пасады прэзідэнта займаў шэраг важных дзяржаўных пастоў. Пазней Такаеў правёў рэформу, якая абмежавала колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, але павялічыла кадэнцыю з 5 да 7 гадоў. Напрыканцы 2022-га ён выйграў пазачарговыя выбары.

Падзяліцца: