Мінск 09:47

Тром падлеткам пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі за распаўсюд псіхатропаў — ДПК

Фота: ДПК

9 красавіка, Позірк. Аб затрыманні ў Мінску трох “непаўналетніх наркакур’ераў” паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.

Затрыманне праведзена 3 красавіка супрацоўнікамі ДПК сумесна прадстаўнікамі МУС “падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на спыненне канала пастаўкі наркотыкаў на тэрыторыю” Беларусі, адзначае ведамства.

“У закладчыкаў выяўлена асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — 4-СМС або клефедрон, якое характарызуецца асаблівай таксічнасцю для арганізма, з высокай рызыкай як псіхічных, так і фізічных ускладненняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўляецца аб канфіскацыі 3 кг псіхатропу па месцы жыхарства затрыманых, а таксама “ў схованцы ў Мінскай вобласці”.

“Устаноўлена, што забароненыя рэчывы маладыя людзі планавалі распаўсюджваць на тэрыторыі нашай краіны”, — падкрэслівае ДПК.

Падлеткі з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

“У дачыненні да зламыснікаў”, як паведамляецца, распачатыя “крымінальныя справы за незаконны абарот наркотыкаў, учынены арганізаванай групай”.

“Ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі”, — адзначае пагранслужба.

Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), у 2024 годзе вынята 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год. Зафіксаваныя 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, узбуджана 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.

Летась у лістападзе былыя сілавікі з аб’яднання BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якая трапіла ў іх распараджэнне, адзначылі, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія.

З дакумента вынікае, што ў першай палове 2024 года ў Беларусі выяўлена 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псіхатропы паступалі з Расіі, у двух — з Польшчы, у адным — з Літвы.

6 лістапада 2024 года намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай ДМК Сяргей Дуброўскі паведаміў пра спыненне ў 2024 годзе (на той момант) больш як 440 спробаў перамяшчэння наркотыкаў і псіхатропаў праз мяжу. Паводле яго слоў, было канфіскавана каля 1.300 кг такіх рэчываў.

17 ліпеня 2024 года прэс-служба ДМК паведаміла пра спыненне арганізаванага канала ўвозу забароненых рэчываў і канфіскацыі найбуйнейшай у гісторыі краіны партыі наркотыкаў і псіхатропаў — 1.077 кг. Паводле ацэнкі МУС, рознічны кошт партыі склаў 28 млн долараў.

У МУС таксама паведамлялі, што ў 2023–2024 гадах ва ўзаемадзеянні з Гродзенскай мытняй быў перакрыты аналагічны канал пастаўкі асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з Літвы. Было затрымана 18 удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы, у якую ўваходзілі грамадзяне Беларусі, Літвы і Расіі, канфіскавана больш за 600 кг асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў коштам больш як 20 млн долараў.

У суд накіраваная справа пра незаконны абарот больш як 600 кг псіхатропаў, абвінавачаныя — замежнікі

8 красавіка, Позірк. Генеральная пракуратура накіравала ў Гродзенскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да двух замежных грамадзян, якім інкрымінаваны "незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі". Згодна з матэрыяламі справы, як паведамляе прэс-служба нагляднага …

Падзяліцца: