Мінск 07:22

У “спіс экстрэмістаў” дададзена яшчэ 33 чалавекі, у тым ліку праваабаронца Наста Лойка

Наста Лойка Фота: generation.by

3 лістапада, Позірк. У “Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці” дадалі яшчэ 33 чалавекі, цяпер у ім 3.478 прозвішчаў, вынікае з абноўленага дакумента на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Сярод іх палітвязня праваабаронца Анастасія Лойка. 20 чэрвеня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яе да пазбаўлення волі на 7 гадоў, прызнаўшы вінаватай паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы групай асоб) Крымінальнага кодэкса.

У спіс экстрэмістаў унесены фігуранты справы аб падпале дома дэпутата Алега Гайдукевіча, пры якім ніхто не пацярпеў. Сярод іх сузаснавальнік беларускага добраахвотніцкага палка “Пагоня”, былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў (завочна прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі), Ігар Чамякін (20 гадоў), Дзяніс Хаміцэвіч (16 гадоў).

Таксама ў спіс унеслі тых, хто адбывае пакаранне па справе, палітвязняў Віталя Вайцяховіча, яго сына Уладзіслава Вайцяховіча (прысуджаныя да 19 і 21 года пазбаўлення волі адпаведна), іх жонак Настассю і Вольгу Вайцяховіч (па 11 гадоў), Сяргея Лісоўскага Савенкова (16), Сяргея Сакалова (14), Мікалая Роя (12), Дзмітрыя Невяркевіча (11), Вольгу Петух (10), Пятра Юркевіча, Дзяніса Філончыка і Паўла Чыхінскага (усе па 9 гадоў), Эдуарда Пестрака (3,5), Аляксея Міхайлава (2).

Падзяліцца: